BE RU EN

На Падляшшы ўшануюць памяць герояў паўстання 1863 года

  • 22.01.2025, 12:09

Памятныя ўрачыстасці пачынаюцца ўжо сёння.

Клуб гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863», створаны беларусамі ў Беластоку, сёлета прыме актыўны ўдзел у святкаванні на Падляшшы 162-й гадавіны паўстання 1863 года, альбо вядомага ў Польшчы як Студзеньскае паўстанне. Памятныя ўрачыстасці пачнуцца ўжо 22-га студзеня ў Хорашчы, а пасля працягнуцца ў Беластоку і пад Кнышыным.

Пра тое, якая праграма чакае жыхароў Падляшша ад беларускага клуба рэканструкцыі, а таксама пра працу і перспектывы самога клуба, распавёў карэспандэнтцы «Радыё Рацыя» Вользе Сямашцы кіраўнік ініцыятывы, рэжысёр і культурніцкі дзеяч Васіль Калач.

- Да чаго рыхтуецца зараз клуб, якія вашы адчуванні з такой нагоды?

- Адчуванні, зразумела, падвышаныя, нам вельмі важная гэтая падзея, вельмі адгукаецца ў сэрцы. І, зразумела, мы рыхтуемся да ўшанавання памяці пачатку паўстання, ушанавання памяці нашых герояў, якія загінулі і якія перажылі паўстанне. І для гэтага ў нас плануецца шэраг даволі сур’ёзных мерапрыемстваў менавіта тут, у Беластоку, і ваколіцах. Першае, што магу сказаць, гэта дакладна 22 студзеня, у дзень выбуху паўстання, мы будзем удзельнічаць ва ўшанаванні памяці паўстанцаў у Хорашчы. Таму што ў Беластоку не адбываецца на ўзроўні гарадской улады ніякіх мерапрыемстваў, а ў Хорашчы адбываецца вялікая падзея з ускладаннем кветак і вянкоў на магілу паўстанцаў, бо вядома, што пад Хорашчам быў адзіны блізкі Беластоку паўстанцкі атрад, які дзейнічаў амаль да сярэдзіне 1863 года. У Беластоку стаяў велізарны гарнізон царскіх войскаў, нягледзячы на гэта атрад існаваў і спрабаваў дзейнічаць, але быў вынішчаны летам 1863, і ўвосень адбылася кара паўстанцаў смерцю.

У Хорашчы гэтыя даты памятаюць, і там будзе адбывацца шэраг урачыстых ушанаванняў памяці – гэта ўскладанне кветак і запаленне знічаў на магіле паўстанцаў у самім Хорашчы, апель памяці і таксама ўшанаванне паўстанцаў на месцы пакарання ў Шубініцы. Гэта адбудзецца а 18.00, пачнецца святая імша ў касцёле, у 18.50 будзе ўскладанне кветак і ўшанаванне памяці на магіле паўстанцаў і пасля гэтага ўсе арганізавана пераязджаюць пад Шубініцу. Там працягнецца ўрачыстае і сумнае мерапрыемства.

Мы ўдзельнічаем у якасці ганаровай варты ў Шубініцы, апранутыя ў гістарычныя строі і ўзброеныя косамі. І ад нас таксама чакаюць прамовы пра наш беларускі погляд на ўшанаванне памяці герояў паўстання. А на наступны дзень мы плануем зрабіць марш па Фарных могілках з ускладаннем кветак і запаленнем знічаў на магіле Адольфа Белакоза, паўстанцкага кіраўніка Беластока.

Далей будзе цэлы шэраг мерапрыемстваў, расцягнуты аж да падзеяў пачатку баявых дзеянняў паўстання на літоўскіх і беларускіх землях. Літоўскіх трэба разумець гістарычна, не толькі геаграфічна. У дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага мы будзем выязджаць у Мастаўляны і ўшаноўваць яго памяць, менавіта пад помнікам. Спадзяюся, што мы атрымаем ад стражаў гранічных дазвол на гэтую справу.

У нас адбудзецца шэраг гістарычных лекцый на тэму паўстанняў у публічных месцах. Пакуль вызначаныя дзве даты ў Музеі войска польскага, але адзінае абмежаванне, што гэта будуць лекцыі для студэнтаў з беларускага ліцэя Гайнаўкі і для студэнтаў універсітэта, для студэнтаў-гісторыкаў па тактыцы і стратэгіі паўстанцаў на землях Падляшша, Літвы і Беларусі.

Мы яшчэ плануем зладзіць штосьці накшталт паўстанцкага салону. Трохі пазней мы агучым дакладную лакалізацыю гэтай падзеі. Плануецца мерапрыемства, стылізаванае пад дзевятнаццатае стагоддзе.

Апошнія навіны