BE RU EN

Зяленскі: Украіне спатрэбіцца мільённае войска

  • 22.01.2025, 14:12

Пакуль дзяржаву не ўключаць у альянс па бяспецы.

Украіне спатрэбіцца мільённае войска ў абароне, каб пазбавіцца расейскай акупацыі. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паразмаўляў з прадстаўнікамі Міжнароднай медыярады падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. Падчас размовы кіраўнік дзяржавы расказаў аб неабходных абарончых магутнасцях Украіны ў выпадку, калі Расея збярэ для нападзення мільённае войска. Са слоў Зяленскага, тады нам спатрэбіцца мільённае войска ў абароне.

«Нам спатрэбіцца мільён у абароне, калі Пуцін прыйдзе з мільёнам-паўтара», - адзначыў прэзідэнт Украіны.

Пры гэтым Уладзімір Зяленскі адзначыў, што такое вялікае войска будзе неабходнае Украіне датуль, пакуль дзяржаву не ўключаць у склад альянсу па бяспецы. Тады з гарантыямі бяспекі і надзейнымі хаўруснікамі запатрабавання ў такой абароне не будзе.

У той жа час кіраўнік дзяржавы выказаў разуменне таго, што такое магутнае войска запатрабуе вельмі вялікіх сродкаў. Аднак прэзідэнт усведамляе: украінскі бюджэт гэтага не зможа забяспечыць.

«Хто будзе карміць мільённае войска? Калі Еўропа кажа, што Украіна абараняе не толькі сябе, але і каштоўнасці Еўропы, лагічна тады, каб усе падтрымлівалі гэтае войска: зброя, вайскоўцы, іх жыццё і да таго падобнае. Таму што бюджэту Украіны не выстарчыць на мільённае войска - нам яго проста недастаткова», - сказаў Уладзімір Зяленскі.

Таксама ў размове прэзідэнт згадаў аб замарожаных расейскіх актывах: з яго слоў, 250 мільярдаў, якія зараз ёсць, Украіне могуць даць, каб забяспечваць войска датуль, пакуль дзяржаву не ўключаць у нейкі альянс па бяспецы. Гаворачы аб бяспечным альянсе, Уладзімір Зяленскі меў на ўвазе перш за ўсё NATO, аб чаленстве Украіны ў якім паміж дзяржавамі дагэтуль ёсць рознагалоссі.

«Інакш нам давядзецца аплачваць гэтае войска з бюджэтаў Злучаных Штатаў, або з бюджэтаў еўрапейскіх калег», - растлумачыў прэзідэнт.

Са слоў Зяленскага, NATO - гэта кампраміс, даступныя гарантыі бяспекі як для Украіны, так і для ўсёй Еўропы, Амерыкі і іншых.

Апошнія навіны