Панама звярнулася ў ААН праз пагрозы Трампу
- 22.01.2025, 16:44
Прэзідэнт краіны заявіў, што «канал не быў падарункам ЗША».
Улады Панамы пасля інаўгурацыйнай прамовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, у якой ён паўтарыў пагрозы захапіць Панамскі канал, аспрэчылі ягоныя сцвярджэнні і звярнуліся па падтрымку ў ААН, паведамляе «Нямецкая хваля».
«Мы цалкам не прымаем усё, што сказаў спадар Трамп», – заявіў на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе ў сераду, 22 студзеня, прэзідэнт Панамы Хасэ Рауль Мулін.
Ён падкрэсліў, што Панамскі канал не быў «падарункам ад ЗША», як гэта сцвярджае Трамп. Канал «належыць Панаме і будзе далей належаць Панаме», дадаў Мулін.
Амбасадар Панамы ў ААН Элай Альфара дэ Альба накіраваў генеральнаму сакратару арганізацыі Антонію Гутэрышу ліст, у якім звярнуў увагу на «трывожныя выказванні» Трампа, паведамляюць AFP і Reuters.
Панамскія ўлады пры гэтым спаслаліся на артыкул Статута ААН, які забараняе любому сябру арганізацыі пагражаць сілай ці ўжываць яе супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ці палітычнай незалежнасці іншай дзяржавы.