Еўрапарламент прыняў унікальную рэзалюцыю пра Беларусь
- 22.01.2025, 17:00
Рэжым Лукашэнкі нелегітымны і злачынны.
22 студзеня на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу Еўрапейскі парламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю пра Беларусь, паведамляе карэспандэнт сайта Charter97.org.
Унікальнасць рэзалюцыі ў тым, што Еўрапарламент да так званых выбараў, якія адбудуцца 26 студзеня, прызнае іх нелегітымнымі.
У рэзалюцыі ідзе доўгі пералік шматлікіх парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, пачынаючы ад гвалтоўных знікненняў крытыкаў Лукашэнкі ў канцы 90-х да рэпрэсій у 2024 годзе.
«Некалькі палітычных зняволеных памерлі ў зняволенні, чацвёра з іх толькі ў 2024 годзе; палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з катаваннямі, адмовай у медыцынскай дапамозе, абмежаваннем доступу да спатканняў з адвакатамі і сямейнікамі і адзіночным зняволеннем; толькі ў 2024 годзе было задакументавана больш за 8800 выпадкаў палітычна матываванага пераследу, уключаючы арышты, затрыманні, звальненні і іншыя формы рэпрэсій у дачыненні да палітычных зняволеных, іх сем'яў і адвакатаў, актывістаў, журналістаў, святароў, лекараў, беларусаў якія вяртаюцца з-за мяжы, і іншых асобаў; толькі ў 2024 годзе паводле палітычных абвінавачанняў было асуджана не менш як 1721 чалавек», – гаворыцца ў дакуменце
«Палітычныя арышты прадаўжаюцца, нягледзячы на [нядаўнія] памілаванні», – заявілі еўрадэпутаты.
«Прынамсі восем палітычных зняволеных у цяперашні час утрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам», – нагадваюць дэпутаты
Асобна згаданы выпадак Мікалая Хіла, мясцовага супрацоўніка дэлегацыі ЕЗ у Беларусі, які «быў затрыманы беларускім КДБ перад офісам дэлегацыі ЕЗ, утрымліваўся ў папярэднім зняволенні з красавіка 2024 года і асуджаны ў снежні 2024 года да чатырох гадоў пазбаўлення волі».
Заканадаўцы выказалі «сур'ёзную занепакоенасць становішчам палітычных зняволеных, уключаючы Паліну Шарэнду-Панасюк, Міколу Статкевіча, Марыю Калеснікаву, Сяргея Ціханоўскага, Алеся Бяляцкага, Мікалая Хілу, Валянціна Стафановіча, Максіма Знака, Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка, Анджэя Пачобута, Уладзіміра Мацкевіча, Марфу Рабкову, Уладзіміра Лабковіча, Аляксандра Ярашука, Яну Пінчук, Мікалая Банкова, Андрэя Навіцкага, Генрыха Акалатовіча, Уладзіміра Кнігу, Дзмітрыя Кучука, Паўла Севярынца і іншых.
Парламентарыі нагадваюць, што «ў верасні 2024 года Літва перадала сітуацыю ў Беларусі ў Пракуратуру Міжнароднага крымінальнага суду (МУС) для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі».
Еўрапарламент заклікае падтрымаць незалежныя СМІ ў нашай краіне – сайт Charter97.org, «Белсат», «Радыё Рацыя», «Радыё Свабода» і NEXTA «выконваюць вызначальную ролю ў падачы неабходнай інфармацыі і служаць платформай для дэмакратычных галасоў».
Еўрапейскі парламент уважае цяперашні рэжым у Беларусі за «нелегітымны, супрацьпраўны і злачынны» і адмаўляецца ўважаць Лукашэнку за легітымнага.
Еўрадэпутаты «настойліва заклікаюць ЕЗ і ягоных міжнародных партнёраў пашырыць і ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да асобаў і арганізацыяў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі і за ўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, закрыўшы пры гэтым санкцыйныя шчыліны; заклікаюць ЕЗ увесці санкцыі супраць беларускіх арганізацый і асобаў, адказных за прымусовую працу палітвязняў».