Расейскі карабель-шпіён другі раз за паўгода зайшоў у воды Брытаніі
- 22.01.2025, 17:44
Яго суправаджалі караблі брытанскага флоту.
Міністр абароны Вялікай Брытаніі Джон Хілі заявіў, што ў брытанскіх тэрытарыяльных водах быў ізноў зафіксаваны расейскі шпіёнскі карабель «Бурштын».
Пра гэта Хілі сказаў падчас выступу ў Палаце супольнасцяў, паведамляе PAMedia.
Паводле словаў брытанскага міністра, цяпер расейскі карабель «Бурштын» знаходзіцца ў Паўночным моры, а перад тым прайшоў праз брытанскія воды.
У гэты час на даручэнне міністра расейцаў суправаджалі караблі Каралеўскага ваенна-марскога флоту HMS Somerset і HMS Tyne.
«У лістападзе (2024 гады. – Рэд.) за караблём таксама вялося пільнае назіранне, і было выяўлена, што ён блукае над крытычна важнай падводнай інфраструктурай Вялікай Брытаніі», – падкрэсліў Хілі.
Ён падкрэсліў, што Расея выкарыстоўвае «Бурштын» для «збору выведнай інфармацыі і картаграфавання крытычна важнай падводнай інфраструктуры Вялікай Брытаніі».
«Мы бачым вас, мы ведаем, што вы робіце, і мы не будзем ухіляцца ад катэгарычных дзеянняў для абароны гэтай краіны», – падкрэсліў кіраўнік Мінабароны Брытаніі.
«Бурштын» афіцыйна класіфікуецца як дапаможнае агульнае акіянаграфічнае даследчае судна з магчымасцямі падводнага выратавання. Ён падпарадкоўваецца Міністэрству абароны Расеі і не ўваходзіць у склад ваенна-марскога флоту.
Паводле звестак аналітыкаў выведкі з адкрытых крыніцаў, ён можа выкарыстоўваць глыбакаводныя апараты і неаднаразова працаваў паблізу інфраструктуры марскога дна.