Ярамір Ягр прадасць свой клуб «Кладна» бізнэсмэну з Чэхіі
- 22.01.2025, 18:33
У легендарнага чэшскага хакеіста застанецца толькі 20% акцый.
Легендарны чэшскі хакеіст Ярамір Ягр дамовіўся пра продаж клуба Экстралігі «Рытыржы Кладна» бізнэсмэну Томашу Драсцілу.
Драсціл завалодае 80% акцый «Кладна», у той час як астатнія 20% застануцца ў сям'і Ягра. Чакаецца, што пра ўгоду будзе абвешчана ў канцы студзеня, паведамляе Iltalehti са спасылкай на чэшскае выданне Denik.
Пра цікавасць Драсціла да «Кладна» стала вядома ў лістападзе 2024 года. Тады бізнэсмэн выказаў намер значна ўзмацніць склад каманды, а таксама ўкласціся ў юніёрскія падраздзяленні клуба.
Фанаты «Кладна» асцерагаліся, што пасля перадачы права ўласнасці новаму ўладальніку клуб пераедзе ў іншы горад. Але Драсціл аспрэчыў гэтыя звесткі.
Ягр уваходзіць у лік акцыянераў «Кладна» з 2011 года. Пры гэтым з 2018-га ягоная сям'я поўнасцю валодае клубам. Дарэчы, форвард прадаўжае прафесійную кар'еру. Так, у сезоне-2024/25 ён правёў 26 матчаў і набраў 11 (4+7) балаў. Але раней Ягр паведаміў, што закончыць кар'еру пасля заканчэння гэтага сезону.