BE RU EN

Трамп жорстка заклікаў Пуціна спыніць вайну супраць Украіны

  • 22.01.2025, 19:23

Прэзідэнт ЗША заявіў, што ён скончыць вайну «лёгкім або цяжкім шляхам».

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў Расеі новымі падаткамі, тарыфамі і санкцыямі, калі вайна супраць Украіны не спыніцца. Палітык заклікаў расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна неадкладна спыніць агрэсію.

Пра гэта паведамляе The Guardian.

У сваім пасце на сайце Truth Social Дональд Трамп прыгразіў накласці «высокія ўзроўні падаткаў, тарыфаў і санкцый» на Расею і яе хаўруснікаў, калі яна не спыніць уварванне ва Украіну.

«Я не хачу нанесці шкоду Расеі. Я люблю расейскі народ, і ў мяне заўсёды былі вельмі добрыя стасункі з прэзідэнтам Пуціным – і гэта нягледзячы на тое, што левыя радыкалы гавораць пра Расею, Расею, Расею. Мы ніколі не павінны забывацца, што Расея дапамагла нам перамагчы ў Другой сусветнай вайне, страціўшы пры гэтым амаль 60000000 жыццяў. Беручы да ўвагі ўсё гэта, я збіраюся зрабіць Расеі, чыя эканоміка церпіць крах, і прэзідэнту Пуціну вельмі вялікую паслугу», – падкрэсліў ён.

У той самы час Трамп заклікаў расейцаў пайсці на перамовы цяпер, каб спыніць вайну да таго, як яна стане горшай.

«Калі мы не заключым пагадненне, да таго ж найбліжэйшым часам, у мяне не застанецца іншага выбару, акрамя як увесці высокія падаткі, тарыфы і санкцыі на ўсё, што Расея прадае Злучаным Штатам і іншым краінам. Давайце скончым з гэтай вайной, якая ніколі б не пачалася, калі б я быў прэзідэнтам! Мы можам зрабіць гэта лёгкім ці цяжкім шляхам – і лёгкі шлях заўсёды лепшы. Настаў час заключыць угоду. Больш не павінна быць страчана ніводнага жыцця!!!» – падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Апошнія навіны