На аўкцыён выставілі запраўку на трасе М-1
- 22.01.2025, 20:22
Колькі просяць.
Адзіную ў Беларусі запраўку брэнда «Брама» які ўжо раз хочуць прадаць на гандлі, заўважыў Office Life.
Спробы паўтараюцца ўжо паўтара гады.
АЗС размешчаная на міжнароднай трасе М-1 (Е-30) у Стаўбцоўскім раёне.
Пабудавалі яе ў 2015 годзе. Кожны, хто перыядычна ездзіць па М-1 з боку Берасця, мог заўважыць гэты ярка-жоўты будынак, які пустуе некалькі апошніх гадоў.
Першым уладальнікам запраўкі стала беларуска-вугорскае супольнае прадпрыемства «Экспрэс-Сэрвіс-Брама+».
Запраўку зачынілі вясной 2022 года. Яе ўласнік – «ТААА “Юніс Ойл”» (продаж і арэнда будаўнічай тэхнікі і абсталявання).
Запамінальную АЗС спрабавалі прадаць у 2023-м. Тады за аб'ект запыталі больш як Br3,2 млн, або блізу $950 тыс. паводле курсу таго часу.
Паводле інфармацыі ЗАТ «Белрэалізацыя», у 2025 годзе за АЗС хочуць атрымаць не менш як Br1,225 млн, або $355,8 тыс.
Аўкцыён пройдзе 20 лютага 2025 года аб 11-й.