Названыя самыя незвычайныя імёны дзяцей у Беларусі за 2024 год
- 22.01.2025, 20:44
Ад Космасу і Мерліна да Алмазы і Феміды.
Стала вядома, якімі незвычайнымі імёнамі беларускія бацькі называлі дзяцей у 2024 годзе. Пра гэта расказалі ў прэс-службе Мінюста.
Сярод іншага, у беларусаў выклікаюць цікавасць рэдкія і таксама старажытныя імёны, якія яны выбіраюць для дзяцей. У 2024-м незвычайнымі імёнамі называлі дзяцей у розных рэгіёнах краіны.
Напрыклад, на Берасцейшчыне з'явіліся на свет Арыстарх, Мерлін, Кузьма, Савацій і Яўстафій, а рэдкімі жаночымі імёнамі сталі Авіва, Тавіфа, Ксантэя, Нікалая, Філаніда. Бацькі ў Віцебскай вобласці выбралі для дзяцей такія рэдкія мужчынскія імёны, як Алмаз, Акім, Гектар, Дастан, Космас, Карым і Самуіл, жаночыя – Аглая, Уладлена, Зайра, Герда, Ясенія, Каталея, Мірана.
На Гомельшчыне сярод рэдкіх імёнаў – мужчынскія: Авенір, Аміран, Вінчэнца, Космас, Мір, Марс, Паісій, і жаночыя: Алмаза, Авігея, Жызэль, Лета, Лірына, Ляля, Царына, Феміда.
У Гарадзенскай вобласці з радзільні прывезлі Дабрыню, Гектара, Пятра-Леанарда, Ярміра Лада, Цімея, а таксама – Аўрору, Луну, Ларцыю, Севярыну, Славяну.
У топе незвычайных імёнаў на Магілёўшчыне мужчынскія Аміхран, Джахар, Давіці, Ідрыс, Шант, і жаночыя: Айна, Айвера, Луна, Сумая, Эрнесціна.
У Менскай вобласці бацькі назвалі рэдкім імем нованароджаных хлопчыкаў: Бернарда, Дзіна, Вілі, Элая, Якіма, Яся, Цінчэня, і дзяўчатак: Асоль, Лавію, Мадону, Акіянію, Луну.
У Менску свой топ незвычайных дзіцячых імёнаў: мужчынскія – Алмаз, Рацібор, Дабрыня, Янка, Карней, Златан, і жаночыя – Манэ, Дзева, Іаана, Вясна, Матрона, Эліф.