Тры прычыны, за што ў КНДР могуць пагарджаць Лукашэнкам
- 23.01.2025, 14:04
Дыктатар атрымаў жорсткую водпаведзь.
Беларускі дыктатар атрымаў водпаведзь ад сястры Кім Чэн Ына пасля таго, як заявіў, што нібыта атрымаў ад Паўночнай Карэі прапанову сустрэцца на вышэйшым узроўні. Але чаму яго могуць недалюбліваць у Пхеньяне?
«Салідарнасць» пералічвае тры магчымыя прычыны.
Раней Лукашэнка хацеў сябраваць не з КНДР, а з яе ворагам - Паўднёвай Карэяй
Сёння можа здацца дзіўным, што за 30 гадоў свайго праўлення беларускі дыктатар так і не навёў масты з блізкім яму па духу рэжымам у Пхеньяне. Аднак у мінулым Лукашэнка хацеў сябраваць зусім не з КНДР, а з яе ворагам - Рэспублікай Карэяй.
У 1997-м дыкьтатар нават здзейсніў туды візіт. Тады ж у Сеуле адкрылася пасольства Беларусі. Пры гэтым пасольства нашай краіны ў Пхеньяне няма дагэтуль!
Тлумачылася гэта, відаць, тым, што Паўднёвая Карэя была і застаецца развітай і багатай краінай, тады як іх паўночныя суседзі раней нават галадалі. Таму, магчыма, Лукашэнка актыўна не шукаў сустрэчы ні з сынам, ні з унукам Кім Ір Сена, які наведаў Менск у 1980-х.
У 2015-м Лукашэнка не прыняў амбасадара КНДР
Беларускі дыктатар шле Кім Чэн Ыну віншавальныя тэлеграмы з 2012 года, з моманту яго прыходу да ўлады ў КНДР. Але на больш цесныя кантакты Лукашэнка ісці раней, відаць, не хацеў.
Напрыклад, калі ў 2015 годзе ў Менск прыляцеў кіраўнік МЗС Паўночнай Карэі Лі Су Ён, дык яму арганізавалі сустрэчы з міністрам замежных спраў і прэм'ер-міністрам, але не з беларускім дыктатарам.
Не ацаніў Лукашэнку і жэсту па адкрыцці пасольства КНДР у прыватным сектары Менска ў 2016 годзе. Высылаць беларускіх дыпламатаў на працу ў Пхеньян ён не стаў, будучы занятым выбудоўваннем стасункаў з заходнімі краінамі.
Лукашэнка захацеў сябраваць з Кім Чэн Ынам толькі пасля 2020 года, калі ягоны рэжым сам трапіў пад сур'ёзныя міжнародныя санкцыі.
У Менску задумаліся аб цесным супрацоўніцтве з Паўночнай Карэяй толькі пасля таго, як справы ў рэжыму сталі зусім дрэнныя. Пасля выбараў-2020, калі Лукашэнка страціў у вачах многіх краін свету легітымнасць, кіраўнік раптам заявіў аб КНДР: «Неапраўдана нізкі ўзровень стасункаў у нас, нам трэба больш актыўна працаваць у гэтым кірунку».
Асабліва Лукашэнка стаў марыць аб прыёме ў Пхеньяне пасля таго, як улетку 2023 года яго атрымаў Уладзімір Пуцін. У Паўночнай Карэі, якая валодае ядзерным патэнцыялам, вялікім запасам узбраенняў і міжнароднай вагай (хай і са знакам «мінус»), Лукашэнка ўбачыў новага жаданага хаўрусніка.
Кіраўнік публічна прапаноўваў Пуціну: «Прыемна было бачыць вас з Кім Чэн Ынам на касмадроме Усходнім. Мы можам падумаць і аб супрацоўніцтве недзе на траіх. Паўночная Карэя, Расея - ведаю, што цікавасць велізарная ў карэйцаў да вас».
Летам 2024-га ў Пхеньян нават злётаў новы кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў, але максімум, чаму яму там удалося дабіцца, - сустрэчы з прэм'ем-міністрам КНДР, але не з Кімам.
З улікам вышэйпералічанага, імаверную пагарду да Лукашэнкі з боку кіраўніцтва Паўночнай Карэі можна растлумачыць так:
Дзесяцігоддзямі ён грэбаваў стасункамі з Пхеньянам, а як прыціснула, пабег шукаць сяброўства, ды яшчэ спрабуючы запэўніць навакольных, што ініцыятыву выяўляе менавіта кіраўніцтва КНДР.