BE RU EN

Пастанову аб будаўніцтве новай АЭС у Беларусі прымуць сёлета

  • 23.01.2025, 9:55

Пры гэтым старая ўжо паўтара месяца не вырабляе электрычнасці.

Беларусь падыходзіць да заканчэння распрацоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання (ТЭА) для будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі або дадатковага энэргаблока на ўжо дзейнай БелАЭС. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра энэргетыкі Беларусі Дзяніс Мароз, паведамляе БелТА.

З яго слоў, канчатковая пастанова аб праекце будзе прынятая ўжо сёлета.

«Па вялікім рахунку, мы ў рамках гэтага тэхніка-эканамічнага абгрунтавання аналізуем тое, пры якіх умовах і ў якіх параметрах мусіць быць атамная электрастанцыя для таго, каб паспяхова інтэгравацца ў беларускую энэргасістэму. Тэрміны, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, - гэта 2025 год. Мы блізкія да фінішу ў гэтай працы. Упэўнены, што ў 2025 годзе пастанова будзе канчаткова прынятая», - сказаў Мароз.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка мае намер абмеркаваць будаўніцтва новай атамнай станцыі з Уладзімірам Пуціным. Аб новай АЭС ён гаварыў і падчас наведвання Менскага тэхнапарка ў студзені.

Пры гэтым адзначым, што з 4 снежня 2024 года БелАЭС часова не вырабляе электрычнасць: абодва блокі спыненыя.

Апошнія навіны