Таварныя знакі збанкрутавалай сеткі «Буслік» выставяць на таргі
- 23.01.2025, 10:11
Які пачатковы кошт?
Інфармацыя аб аўкцыёне з'явілася на пляцоўцы "ІПМ-Таргі". Лот уключае ў сябе 30 таварных знакаў былой сеткі дзіцячых крам. Сярод іх — розныя варыяцыі напісання брэнда "Буслік", а таксама "Спялёнак", "Наследник", "Калыханка", Enjoy Baby, Little Home і іншыя, піша «Онлайнер».
Рэгістрацыя на агульнавядомы таварны знак - уласна сам "Буслік" і лагатып з рознакаляровымі літарамі - дзейнічае бестэрмінова.
Пачатковы кошт, які прапануе ўладальнік, – 74 280 рублёў ($21 778). Заяўкі прымаюць да 10 лютага, самі таргі пройдуць на наступны дзень.
Нагадаем, у ліпені 2024 года сетка супермаркетаў для дзяцей "Буслік" ("ДПМ") прызнана банкрутам.
Праблемы пачаліся восенню 2023 года, калі польская кампанія CDRL паведаміла, што страціла кантроль над сваім даччыным прадпрыемствам ТАА "ДПМ" і спыніла пастаўкі тавараў у яго адрас. Тады ж генеральны дырэктар сеткі "Буслік" падаў заяву аб прызнанні кампаніі эканамічна незаможнай. У красавіку 2024 года ўсе крамы сеткі "Буслік" спынілі працу ў Беларусі.