Біл Браўдэр: Трэба забраць у Расеі замарожаныя грошы
- 23.01.2025, 12:26
Вядомы фінансіст заклікаў Еўропу не аглядацца на Трампа.
Капітуляцыя Украіны выкліча масавы наплыў бежанцаў, папярэджвае сэр Біл Браўдэр, міжнародны фінансіст і заснавальнік Hermitage Capital Management, найбуйнейшага замежнага інвестыцыйнага фонду ў Расеі з 1995 да 2006. Як піша Джэрэмі Уорнер, адзін з вядучых брытанскіх аналітыкаў у галіне бізнэса і эканомікі The Telegraph (пераклад - сайт Charter97.org), Браўдэр перакананы, што сродкі ад замарожаных расейскіх актываў дазволяць Украіне абараняцца яшчэ тры-чатыры гады:
- Еўропа і Вялікая Брытанія сутыкнуцца з новым міграцыйным крызісам, калі 300 мільярдаў даляраў замарожаных расейскіх актываў не будуць арыштаваныя і перададзеныя Украіне.
Падчас выступу ў кулуарах Сусветнага эканамічнага форуму ў швэйцарскім Давосе, Біл Браўдэр сказаў, што гэтыя сродкі дазволяць Украіне абараняцца цягам яшчэ трох-чатырох гадоў, без неабходнасці спадзявацца на якую-небудзь дадатковую вайсковую дапамогу Захаду.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў спыненне вайны ва Украіне галоўным прыярытэтам, аднак узмацняюцца асцярогі, што кампраміс можа апынуцца нявыгадным, прымусіўшы Украіну саступіць тэрыторыю і пакінуць неразвязанымі пытанні еўрапейскай бяспекі.
Заснавальнік хэдж-фонду Hermitage Capital Management Біл Браўдэр заявіў, што капітуляцыя Украіны справакуе масавую плынь бежанцаў і падштурхне Пуціна да далейшай агрэсіі ў Балтыйскіх краінах і за іх межамі:
- Еўрапейскія дзяржавы апынуліся б перад неабходнасцю значна павялічыць вайсковыя выдаткі ва ўмовах нарастання фінансавага ціску.
Біл Браўдэр сцвярджае, што ключавым інструментам ціску Дональда Трампа ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне з'яўляецца магчымасць дыктаваць умовы праз спыненне фінансавання вайны з боку ЗША:
- Сутнасць у тым, што ў Трампа не павінна быць усіх рычагоў уплыву, улічваючы, што ў заходніх цэнтральных банках, пераважна ў Вялікай Брытаніі і Еўропе, замарожаныя рэзервы Цэнтральнага банка Расеі на суму 300 мільярдаў даляраў.
Гэтыя грошы павінны быць хутка канфіскаваныя і перададзеныя Украіне, каб іх будучыню не вызначаў Дональд Трамп.
На думку Браўдэра, калі Украіна будзе вымушаная цалкам капітуляваць, Заходняя Еўропа і Вялікая Брытанія сутыкнуцца з наплывам 15-20 мільёнаў бежанцаў:
- Адначасова мы апынемся ў сітуацыі, калі Пуцін нападзе на Эстонію. Краіны G7 ужо дамовіліся аб канфіскацыі адсоткаў з 300 мільярдаў даляраў і выкарыстанні гэтых сродкаў на дапамогу Украіне, але даўнія асцярогі з нагоды законнасці канфіскацыі асноўнай сумы дагэтуль перашкаджаюць больш рашучым крокам. Як Вялікая Брытанія, так і папярэднік Трампа, прэзідэнт Джо Байдэн, агулам падтрымалі гэтыя прапановы, але існуе агульная ўпэўненасць у тым, што канфіскацыя не можа быць праведзеная ў аднабаковым парадку. Акрамя таго, будучыя выбары ў Нямеччыне звялі магчымасць больш шырокай падтрымкі з боку Еўропы на нішто.
Канфіскацыя расейскіх актываў запатрабуе падтрымкі ўсіх 27 чальцоў ЕЗ, некаторыя з якіх адкрыта сімпатызуюць Пуціну і могуць накласці вета на ўсякую такую пастанову. Існуе таксама апасенне, што прэзідэнт Трамп можа накласці вета, улічваючы яго даўно заяўленую рашучасць быць палітычным лідарам, здольным забяспечыць мірнае ўрэгуляванне.
Чакаецца, што ў канцы гэтага тыдня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымае тэрміновыя захады па канфіскацыі расейскіх актываў у сваім выступе на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе.
Трамп не павінен указваць Еўропе, што рабіць, кажа Біл Браўдэр:
- Мы павінны забраць гэтыя грошы. Калі Украіна імкнецца да ўрэгулявання, яна цалкам мае права зрабіць гэта, але на тых умовах, якія яна палічыць прымальнымі.