«Лепш сяду ў турму, чым буду плаціць аліменты»
- 23.01.2025, 15:37
У Берасцейскай вобласці бацьку чатырох дзяцей пазбавілі бацькоўскіх правоў.
У Івацэвіцкім раёне судзілі мясцовага жыхара, які ўжо знаходзіцца ў зняволенні, паведаміла пракуратура Берасцейскай вобласці. Нагодай стала ягонае нежаданне ўтрымліваць чатырох непаўналетніх дзяцей.
Падчас разгляду крымінальнай справы неаднаразова судзімага мясцовага жыхара, які ўхіляўся працяглы час ад выплаты аліментаў, той сказаў, што «лепш сядзе ў турму, чым будзе плаціць аліменты на дзяцей». На гэта звярнуў увагу дзяржабвінаваўца, і ў выніку была ініцыяваная справа аб пазбаўленні мужчыны бацькоўскіх правоў.
Бацька чатырох дзяцей зараз адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і мае значную суму запазычанасці па аліментах. Акрамя таго, раней дзеці прызнаваліся ў сацыяльна небяспечным становішчы праз злоўжыванне іх бацькам спіртнымі напоямі.
«Мужчына працяглы час нідзе не працаваў і канфліктаваў з сямейнікамі. На ініцыятыву пракурора да праверкі прыцягнуты орган апекі і папячыцельства, які пацвердзіў ігнараванне бацькоўскіх абавязкаў з боку бацькі ў гэтай сям'і», - распавялі ў пракуратуры.
Пасля праверкі выстаўлены пракуратурай пазоў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў мужчыны ў дачыненні да чатырох непаўналетніх дзяцей задаволены судом Івацэвіцкага раёна цалкам.