У Менску прадаецца кватэра з вельмі дзіўнымі дзвярыма на кухню
- 23.01.2025, 16:21
Фотафакт.
У цэнтры Менска прадаецца кватэра з вельмі дзіўнымі дзвярыма на кухню, дакладней, з дзвярным праёмам, бо саміх дзвярэй, у сутнасці, няма. На гэта звярнуў увагу тэлеграм-канал «Будні рыэлтара».
Цяпер кухня злучаецца з жылым пакоем праз праём вельмі дзіўнай і вельмі няроўнай формы.
У каментарах разважаюць, чым была выкліканая неабходнасць рабіць менавіта такі выраз. Мяркуюць, напрыклад, што праз гэты праём зручна ўносіць раяль.
А вось версія, якая можа быць слушнай: сцяну спецыяльна выразалі так хітра, каб з кухоннага стала можна было глядзець тэлевізар, размешчаны ў зале.
Кватэра знаходзіцца на вуліцы Якуба Коласа, 30, на 3-м паверсе цаглянага дома. Кватэра аднапакаёвая, агульная плошча – 29 кв. м, жылая – 18 кв. м, кухня – 5,37 кв. м.
За гэтую кватэру хочуць атрымаць 67 тысяч даляраў, альбо прыкладна 2300 даляраў за квадратны метр.