BE RU EN

У Менску будуецца элітны медцэнтр КДБ

  • 23.01.2025, 16:42

З непразрыстымі фінансавымі схемамі.

У красавіку 2024 года на тэрыторыі ваенна-медыцынскай управы Камітэта дзяржбяспекі ў Менску пачалося будаўніцтва медыцынскага цэнтра для супрацоўнікаў установы, паведамляе ў расследаванні аналітычны медыяпраект Digital Intelligence team.

Адзначаецца, што медцэнтр размешчаны па адрасе вул. Макаёнка, 13, будаўніцтва павінна было закончыцца да канца мінулага года.

Паводле звестак расследавальнікаў, медцэнтр КДБ будзе прапаноўваць шырокі спектр дыягнастычных даследаванняў: ад ультрагукавой дыягностыкі да сучасных працэдураў магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ) і электранейраміяграфіі (ЭНМГ – сучасны метад абследавання, накіраваны на вызначэнне стану нервовай сістэмы і скарачальнай здольнасці цягліцаў).

Згодна з прыведзенымі ў публікацыі дакументамі, кошт будаўніцтва цэнтра склаў 31,66 млн рублёў (блізу 9,67 млн даляраў), а ягонае абсталяванне (толькі медыцынскае абсталяванне, без уліку мэблі) абышлося яшчэ на 20,86 млн рублёў (6,38 млн даляраў).

У расследаванні адзначаецца, што «клініка абсталяваная паводле апошняга слова тэхнікі, з выкарыстаннем самых сучасных і дарагіх ідэяў». Прыводзяцца канкрэтныя прыклады: напрыклад кошт апарата для магнітна-рэзананснай тамаграфіі склаў, паводле звестак расследавальнікаў, 3,89 млн даляраў.

Пры гэтым, адзначаецца ў матэрыяле, у Расеі згаданы апарат можна набыць прыкладна за 1,3 млн даляраў, таму «розніца практычна ў тры разы выклікае мноства пытанняў».

Паведамляецца, што пастаўшчыком дарагога медыцынскага абсталявання (КТ-сканер Incisive CT, ультрагукавы апарат Affiniti 70 і МРТ-апарат Ingenia Elition X) для клінікі выступіла кампанія MED S&P AS (Эстонія), звязаная з Дзмітрыем Крылянковым 1991 года нараджэння.

Увагу расследавальнікаў таксама звярнула набыццё рэнтгенаўскага мамаграфічнага апарата «Мамаэксперт», кошт якога склаў 590 тыс. беларускіх рублёў.

Пастаўшчыком выступіла кампанія «АДВІН Смарт Фэктары», але дэталі, як заяўляецца, «выклікаюць сур'ёзныя пытанні». Расследавальнікі звяртаюць увагу, што на электронным аўкцыёне, дзе была размешчаная гэтая закупка, звесткі пра пастаўшчыка, яго краіну, месцазнаходжанне і УНП былі ўтоеныя. Акрамя таго, на афіцыйным сайце кампаніі «АДВІН Смарт Фэктары» інфармацыя пра юрыдычную асобу таксама адсутнічае. Раздзел з кантактамі пры гэтым «быў схаваны / выдалены», што, як падкрэсліваецца ў расследаванні, «пацвярджаецца захаванай версіяй сайта ў архіве, дзе ўказваўся офіс кампаніі ў Расеі».

Непразрыстасць гэтых аперацыя, на думку расследавальнікаў, «выклікае абгрунтаваныя падазрэнні ў наяўнасці сумнеўных схемаў і завышэнні коштаў».

У публікацыі адзначаецца, што «ўнутры [будынка] наведвальнікаў сустракае абстаноўка, якая хутчэй нагадвае шыкоўны гатэль, чым медыцынскую ўстанову», «крэсла і канапы ад нятаннага брэнду SofaClub Avalon падкрэсліваюць высокі ўзровень камфорту».

«Узводзіць сучасныя медцэнтры для сілавікоў і іхніх сем'яў у краіне з разбуранай сістэмай аховы здароўя – гэта чарговы ўдар па беларускім грамадстве. Гэты праект дэманструе, што для рэжыму Лукашэнкі больш важна ўмацоўваць апору сваёй улады, чым развязваць надзённыя праблемы грамадзянаў. Простыя беларусы застаюцца на збочыне, у той час як абраная эліта атрымлівае асалоду ад дабротаў, створаных за чужы кошт», – рэзюмуюць аўтары расследавання.

Апошнія навіны