У разгар зімы беларусаў чакае анамалія
- 23.01.2025, 17:24
Сіноптыкі расказалі, дзе беларусам чакаць +8°С, а дзе – галалёдзіцу.
«Анамаліяй» у разгар зімы назвалі сіноптыкі беларускае надвор'е на найбліжэйшыя 7 дзён. Якім жа будзе надвор'е заўтра і ў выходныя, прааналізавалі журналісты Telegraf.news.
«Па поўначы Беларусі да 8°С. Думаю, што рэкордны 2020 ужо нічога не выратуе. Ну, і люты таксама ў чырвоным, поўнач гарачэе», – адзначылі спецыялісты Telegram-канала Nadvorie.
Telegram-канал Метэавайб, у сваю чаргу, на 24 студзеня спрагназаваў дождж і снег на большай частцы тэрыторыі Беларусі. Праўда, да крайняга ўсходу краіны ападкі, хутчэй за ўсё, не дойдуць праз актыўнасць магутнага азіяцкага антыцыклону.
Аднак пахаладання не чакаецца. «Проста больш кантынентальная паветраная маса зменіцца на акіянічную», – адзначылі спецыялісты.
Белгідрамет, акрамя дажджоў, снегу і мокрага снегу, паабяцаў у пятніцу пераважна воблачнае надвор'е, а месцамі слабыя туман і галалёд, і нават галалёдзіцу на некаторых адцінках дарог. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні сярэдні.
Слупок тэрмометра апусціцца ноччу мінімальна да -3…+2°С, днём максімальная тэмпература паветра складзе +4°С. Атмасферны ціск уначы істотна не зменіцца, днём будзе слаба расці.
Якім будзе надвор'е ў выходныя?
У суботу, 25 студзеня, сіноптыкі таксама спрагназавалі воблачнае надвор'е, але з магчымымі праясненнямі ноччу. У многіх раёнах Беларусі ўсё гэтак сама чакаюцца кароткачасовыя ападкі: днём гэта будзе дождж, а ноччу дождж уперамешку з мокрым снегам.
Пры гэтым і ноччу, і раніцай можна сустрэць слабы туман або галалёд, а дарогі могуць падкінуць нечаканку ў выглядзе галалёдзіцы, таму кіроўцам трэба быць вельмі ўважлівымі.
Вецер паўднёвы і паўднёва-заходні, даволі памяркоўны, месцамі парывісты. Начная тэмпература паветра ўпадзе да -4…+2°С, а днём паднімецца да 0…+5°С.
У нядзелю, 26 студзеня, краіна апынецца пад уплывам атмасфернага фронту і цёплага паветра, якое, паводле прагнозаў сіноптыкаў, прыйдзе з паўднёвага захаду Еўропы. Сонечных прамянёў чакаць не варта – сіноптыкі таксама спрагназавалі воблачнае надвор'е.
Уначы ў некаторых месцах, а днём ужо амаль паўсюдна пройдуць дажджы, ноччу ж месцамі дажджы з прымешкай мокрага снегу.
Як паведаміў Белгідрамет, раніцай і ноччу ў некаторых месцах магчымы слабы галалёд, а на дарогах – галалёдзіца. Вецер паўднёвы, парывісты. Тэмпература прадоўжыць вагацца: ноччу – ад -2 да +3°С, а вось днём пацяплее да +2…+8°С.