BE RU EN

На могілках у расейскім Уладзіміры ўзніклі чэргі з катафалкаў

  • 23.01.2025, 19:13

Людзі стаяць дзве гадзіны.

На могілках Улыбышава ва Уладзіміры ўзніклі чэргі з катафалкаў, выкліканыя новымі правіламі арганізацыі пахаванняў, паведамляе мясцовае выданне «Часнок». Згодна з рэгламентам, зацверджаным уладзімірскай мэрыяй у снежні 2024 года, уезд на тэрыторыю могілак стаў абмежаваны, а час для пахавання строга вызначаны. Гэта прывяло да затрымак у падрыхтоўцы магілаў і зрываў памінак. Як сцвярджае выданне, людзі стаяць дзве гадзіны, а капаць магілы трактарам не дазваляюць.

Новая пастанова гарадской адміністрацыі абвяшчае, што цяпер уезд на могілкі Улыбышава-Высокава магчымы толькі з 9-й, а працэсіі павінны паспець закончыць пахаванні да 15-й. Раней рытуальныя службы пачыналі працу з 7-й, што дазваляла падрыхтаваць некалькі магілаў да прыезду пахавальных працэсій. Аднак пасля навагодніх святаў доступ на могілкі абмежавалі, і брама цяпер адчыняецца толькі а 9-й, што затрымлівае пачатак працы рытуальнікаў.

У мэрыі сцвярджаюць, што новаўвядзенні накіраваныя на падтрыманне парадку, прадухіленне вандалізму і спрашчэнне ўліку. Для гэтага на могілках устаноўленыя шлагбаумы і камеры назірання. Прадстаўніца мэрыі Юлія Жыракова заявіла парталу навінаў «Зебра ТБ», што сітуацыя з некалькімі пахаваннямі ў адзін час была і да прыняцця новых правілаў, а ўезд для пахавальных працэсій і наведвання могілак застаецца адкрытым у рэгламентаваныя гадзіны.

Жыхары горада настойваюць, што новаўвядзенні маюць патрэбу ў дапрацоўцы. Яны прапануюць перанесці выдачу дазволаў у МФЦ або на «Дзяржпаслугі» і ўпарадкаваць графік пахаванняў.

У Расеі назіраецца дэфіцыт могілак і крэматорыяў, заявіла ў кастрычніку 2024 года дэпутатка Дзярждумы РФ Святлана Разваротнева. Яна патлумачыла гэта састарэлым федэральным законам «Аб пахаванні і пахавальнай справе» 1996 года, які абмяжоўвае стварэнне прыватных могілак і крэматорыяў і не дазваляе задзейнічаць прыватныя інвестыцыі.

Апошнія навіны