У Нарвегіі клубы прагаласавалі за адмову ад сістэмы VAR у футболе
- 23.01.2025, 19:30
Летась заўзятары актыўна пратэставалі супраць сістэмы відэадапамогі арбітрам.
З 32 клубаў дзвюх найвышэйшых футбольных ліг Нарвегіі 19 выказаліся супраць далейшага выкарыстання сістэмы відэадапамогі арбітрам (VAR), паведамляе AP са спасылкай на заяву арганізацыі Norsk Toppfotball, якая прадстаўляе інтарэсы камандаў дзвюх ліг.
Яшчэ 13 камандаў прагаласавалі за захаванне VAR.
Нарвегія можа стаць першай краінай у Еўропе, якая адмовіцца ад сістэмы VAR, пастанова наконт гэтага будзе прынятая нацыянальнай федэрацыяй футболу ў сакавіку.
«Мы бачым, што ў тэхналогіі ёсць патэнцыял, але... большасць нашых клубаў мяркуе, што цяперашняя версія VAR працуе недастаткова добра», – сказаў кіраўнік Norsk Toppfotball Като Хаўг.
Летась заўзятары ў Нарвегіі рэгулярна ладзілі пратэсты супраць VAR, у тым ліку закідвалі поле рыбнымі катлетамі.
У Швэцыі VAR не ўкаранялі праз нежаданне клубаў.
Упершыню сістэма VAR выкарыстоўвалася ў 2017 годзе на Кубку канфедэрацый у Расеі, у 2018-м яна была ўжытая на чэмпіянаце свету. На гэты момант VAR выкарыстоўваецца ў кіроўных еўрапейскіх лігах, а таксама ў еўракубках.