10 трапленняў: дроны «Люты» атакавалі Разань
- 24.01.2025, 8:20
Пашкоджаная мясцовая нафтабаза.
Увечары 23 студзеня беспілотнікі атакавалі расейскі горад Разань, дзе ля мясцовай нафтабазы жыхары пачулі дзясяткі магутных выбухаў. Аб гэтым паведаміла расейскае выданне Astra.
"Беспілотнікі атакуюць Разань, выбухі прагрымелі каля мясцовай нафтабазы - кажуць мясцовыя жыхары. Яны паведамляюць па меншай меры аб дзесяці выбухах", - гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час расейскі паблік Mash адзначыў, што атакавалі Разань украінскія дроны-камікадзэ вялікай далёкасці "Люты", якія могуць пераадольваць адлегласць больш за 1000 кіламетраў.
Губернатар Разанскай вобласці Павел Малкаў пацвердзіў, што рэгіён атакавалі дроны.
"Сродкамі СПА і РЭБ над тэрыторыяй Разанскай вобласці знішчаны беспілотныя лятальныя апараты. Паводле папярэдняй інфармацыі пацярпелых няма, ацэньваецца матэрыяльная шкода", - напісаў Малкоў.
Пасля маніторынгавыя тэлеграм-каналы паведамілі, што дроны такі патрапілі ў нафтабазу.
"НПЗ проста вялікі, маштаб добры, кажуць, што 10 трапленняў было", – гаворыцца ў паведамленні.
На момант публікацыі матэрыялу ўкраінскі бок не каментаваў інфармацыю аб нападзе на нафтабазу ў Разані.