У Беларусі рыхтуюць новаўвядзенні ў рабоце начных крамаў, кавярняў і рэстарацый
- 24.01.2025, 10:49
Стала вядома, што можа змяніцца.
У Беларусі прапануюць перагледзець патрабаванні да крамаў і ўстаноў грамадскага харчавання, якія працуюць у начны час. Пра гэта паведамляе Савет па развіццю прадпрымальніцтва.
Бізнэс-асацыяцыі і чыноўнікі на нарадзе ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю абмеркавалі рэгуляванне часу і ўмоў працы начных крамаў, кавярняў і рэстарацый.
Бізнэс казаў аб праблемах, якія ўзнікаюць у такіх арганізацыях (якіх менавіта, не ўдакладняецца) і прапаноўваў варыянты, як іх развязваць. Як паведамляецца, на сустрэчы дамовіліся распрацаваць захады, каб палепшыць працу такіх аб'ектаў у начны час.
«Пастаўленая задача забяспечыць выкананне інтарэсаў жыхароў найбліжэйшых тэрыторый не толькі ў частцы набыцця тавараў і паслуг ва ўсякі зручны для іх час, але і ў частцы стварэння камфортных умоў пражывання», - адзначаюць у бізнэс-асацыяцыі.
Цяпер крамы, рэстарацыі і кавярні ўзгадняюць з мясцовымі ўладамі рэжым працы ў начны час у тым выпадку, калі яны прадаюць алкаголь з 23.00 да 07.00.