BE RU EN

Віцэ-прэм'ер Казахстана: «Злітая» расшыфроўка перамоў з самалётам AZAL адрозніваецца ад арыгінала

  • 24.01.2025, 15:53

У расшыфроўцы з чорнай скрыні змяшчаецца больш інфармацыі.

Намеснік прэм'ер-міністра Казахстана Канат Базумбаеў пракаментаваў расшыфроўку чорнай скрыні самалёта Azerbaijan Airlines (AZAL), які пацярпеў катастрофу 25 снежня каля Актау, піша Tengrinews.kz. Ён адзначыў, што запісы чорных скрынь у сетцы адрозніваюцца ад наяўнага ў экспертаў арыгінала.

Як растлумачыў казахскі віцэ-прэм'ер, у расшыфроўцы ўдзельнічалі казахстанскія, расейскія, азербайджанскія і бразільскія эксперты.

«Усе мелі роўны доступ. Я паслухаў («злітую» ў сетку расшыфроўку. - Заўв. рэд.). Мне здаецца, што гэта перамовы наземныя, перамовы з зямлёй былі. Я не чуў там перамоў чальцоў экіпажа. У чорнай скрыні ёсць усе перамовы, якія вялі капітан, пілот і чальцы экіпажа. Там крыху больш. Зыходзячы з гэтага, я зразумеў, што гэта не зліў з нашай расследавальніцкай групы», - заявіў віцэ-прэм'ер.

Як запэўніў Базумбаеў, запіс, які апынуўся ў сетцы, моцна адрозніваецца ад змесціва чорных скрынь.

«А навошта шукаць крыніцу «зліву», калі мы не разглядаем яе як «зліў» расшыфровак чорных скрынь? Тое, што ў інтэрнэце нехта нешта апублікаваў, гэта не азначае, што гэта ісціна. Тое, што апублікаванае, там вялікае адрозненне. Таму чакайце афіцыйных крыніц», - сказаў ён.

Са слоў віцэ-прэм'ера, чорныя скрыні самалёта зараз знаходзяцца ў следчай групы.

«Абломкі самалёта знаходзяцца ў ангары ў Актау, яны таксама абследаваныя адпаведнымі міжнароднымі экспертамі, яны зробяць свае высновы. Матэрыялы расшыфроўкі знаходзяцца ў іншай групы, якая расследуе менавіта авіяцыйнае здарэнне: што здарылася, калі здарылася, як сябе экіпаж паводзіў - прафесійна, непрафесійна, якія каманды з зямлі былі. Я думаю, што потым адкрыццё гэтых матэрыялаў многія інсінуацыі развее», - заявіў Базумбаеў.

Ён таксама паведаміў, што ў Казахстане чакаюць публікацыі вынікаў расследавання катастрофы самалёта AZAL на наступным тыдні.

Нагадаем, 25 снежня паблізу казахстанскага горада Актау ўпаў пасажырскі Embraer 190 Азербайджанскіх авіяліній (AZAL). На борце самалёта, які накіроўваўся з Баку ў Грозны, знаходзіліся 67 чалавек, 38 з іх загінулі. У Актау самалёт накіраваўся пасля некалькіх спроб здзейсніць пасадку ў Грозным. Не даляцеўшы да казахстанскага аэрапорта амаль 3 км, ён пацярпеў катастрофу.

28 снежня Уладзімір Пуцін патэлефанаваў прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву і папрасіў прабачэння за «трагічны інцыдэнт». На наступны дзень Аліеў абвінаваціў Расею ў спробе замяць прычыну катастрофы самалёта. Ён заявіў, што на падлёце да Грознага паветранае судна было выведзенае са строю сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, а затым абстралянае, што прывяло да яго катастрофы.

Апошнія навіны