Кітай адмовіўся выгружаць абсталяванне для найбуйнейшага расейскага ЗПГ-праекта
- 24.01.2025, 14:06
Амерыканскія санкцыі фактычна пахавалі праект «Арктык ЗПГ 2».
Амерыканскія санкцыі, закліканыя скараціць атрыманне Расеяй валютнага прыбытку ад экспарту вуглевадародаў, фактычна пахавалі праект «Арктык ЗПГ 2». Прынамсі, ён зараз не будзе рэалізаваны цалкам: абсталяванне, без якога нельга пабудаваць трэцюю вытворчую лінію, вярнулася ў Кітай.
Кітайскі вытворца ўстановак для звадкавання газу Wison New Energies у сакавіку 2024 г. адправіў два выпушчаныя ім агрэгаты для трэцяй чаргі «Арктык ЗПГ 2». Праз дзесяць месяцаў іх выгрузілі не ў цэнтры будаўніцтва буйнатанажных марскіх збудаванняў (ЦББМЗ) «Новатэка» ў Белакаменцы Мурманскай вобласці, а ў кітайскім порце Данцзао Ган на поўнач ад Шанхая. Звесткі транспондэра і спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што судна Wei Xiao Tian Shi зайшло ў порт 19 студзеня, пасля чаго адбылася разгрузка судна, якое перавозіла ўстаноўкі (кожная вагой больш за 12 000 тон).
Пакуль судна накіроўвалася ў Белакаменку, ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі за супрацоўніцтва з «Арктык ЗПГ 2», барацьбу з якім яны першапачаткова пачалі ў канцы 2023 г. Таму ў ліпені Wei Xiao Tian Shi размясцілася ля берагоў Вялікай Брытаніі і адправілася ў зваротны шлях. Апошнія пяць месяцаў яно дрэйфавала ў кітайскіх водах, паведамляе gCaptain.
«Новатэк» спадзяваўся пачаць экспарт газу з праекту ў пачатку 2024 г., аднак праз год гэтага так і не адбылося. Будаўніцтва трэцяй лініі напрыканцы лета наважылі адкласці і перанесці тэрмін яе ўводу ў эксплуатацыю з 2026-га на 2028 год. Канструкцыі, якія ўжо пачалі збіраць і якія бескарысныя без кітайскіх установак, засталіся ў Белакаменцы. Сам жа ЦББМЗ, адзінае прадпрыемства такога кшталту ў Расеі, дзе на піку будаўніцтва працавалі амаль 19 000 працаўнікоў, у лістападзе спыніў працу і, відавочна, быў закансерваваны.
Wison New Energies, праўда, у кастрычніку 2024 г. трыма суднамі даставіла дзве іншыя свае ўстаноўкі для другой вытворчай лініі «Арктык ЗПГ 2». У адрозненне ад Wei Xiao Tian Shi, якое ішло з Кітая ў абыход Афрыкі, гэтыя караблі прайшлі па Паўночным марскім шляху ў суправаджэнні ледакола «Сібір», паведамляў gCaptain. У размове з выданнем аналітыкі дзівіліся, чаму Wison New Energies, якая працуе ў тым ліку з заходнімі кампаніямі, вырашылася парушыць санкцыі; магчыма, меркавалі яны, гэтага ад яе запатрабавалі кітайскія ўлады. У студзені 2025 г. ЗША ўвялі санкцыі супраць верфі Wison у Чжоўшане, адкуль былі адпраўленыя ўстаноўкі і дзе засталося яшчэ некалькі пабудаваных для «Арктык ЗПГ 2» агрэгатаў.
Нягледзячы на тое, што другая чарга праекта атрымала кітайскія ўстаноўкі, наладзіць работу яна так і не змагла. Больш за тое, на першай лініі ў кастрычніку спынілася звадкаванне газу, а ўвесь праект агулам у лістападзе ўвогуле амаль цалкам спыніў яго здабычу.
На задуму, «Арктык ЗПГ 2» павінен вырабляць 19,8 млн тон ЗПГ на год; кожная з трох запланаваных вытворчых ліній павінна выдаваць па 6,6 млн тон. Увод праекту ў эксплуатацыю быў важнай часткай плана Пуціна па павелічэнні гадавой вытворчасці ЗПГ у Расеі больш чым утрая да 100 млн тон да 2030 г. Гэта значыць, «Арктык ЗПГ 2» павінен быў забяспечваць прыкладна пятую яго частку.