BE RU EN

У Грузіі адбыліся масавыя акцыі ў падтрымку арыштаваных удзельнікаў пратэстаў

  • 25.01.2025, 11:27

Марш пад лозунгам «Свабоду вязням сумлення» пачаўся на трох плошчах у цэнтры Тбілісі.

Адразу ў некалькіх гарадах Грузіі – Тбілісі, Батумі, Зугдзідзі, Тэлаві і Кутаісі – у пятніцу на заклік апазіцыйных партый і НКА прайшлі акцыі ў падтрымку больш як пяцідзесяці арыштаваных удзельнікаў шматдзённага руху пратэсту. Усім ім былі прад'яўленыя крымінальныя абвінавачванні ў сувязі з дэманстрацыямі супраць пастановы грузінскага ўраду адкласці да 2028 года перамовы пра ўдзел краіны ў ЕЗ, паведамляе «Радио Свобода».

Марш пад лозунгам «Свабоду вязням сумлення» пачаўся вечарам на трох плошчах у цэнтры грузінскай сталіцы, у тым ліку каля дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнікі ўсіх трох маніфестацый рушылі да будынка парламента, дзе адбылася ўжо традыцыйная «маўклівая акцыя» без прамоў.

Летась у снежні мітынгі ля будынка заканадаўчага органа некалькі разоў перарасталі ў жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і часткамі спецпрызначэння МУС. Пры гэтым сотні людзей атрымалі калецтвы рознай ступені цяжкасці. Больш за чатырыста апазіцыянераў былі затрыманыя паводле адміністрацыйных пратаколаў аб супраціве паліцыі. У дачыненні да 53 актывістаў вылучаныя абвінавачванні ў «групавым гвалце» і псаванні дзяржаўнай маёмасці.

У сталіцы Аджарыі Батумі марш пратэсту прайшоў у рэдакцыі выдання Batumelebi, выдавачка і рэдактарка якой Мзія Амаглабелі была арыштаваная паводле абвінавачання ў нападзе на кіраўніка мясцовай паліцыі.

Удзельнікі акцый пратэсту ва ўсіх пяці гарадах патрабавалі вызвалення «вязняў сумлення» і правядзення ў краіне новых парламенцкіх выбараў.

Апазіцыя Грузіі называе сфальсіфікаванымі парламенцкія выбары, якія прайшлі ў краіне ў кастрычніку.

Раней урад партыі «Грузінская мара» ініцыяваў прыняцце законаў, якія выклікалі рэзкую крытыку з боку краінаў Захаду: «Аб празрыстасці знешняга ўплыву» накіраваны на абмежаванне дзейнасці НДА, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы, і аб забароне так званай «прапаганды ЛГБТ». Апазіцыя называе кіроўную партыю прарасейскай. Масква абвінавачанні ва ўмяшанні ў справы Грузіі адмаўляе.

Кіраўнікі «Грузінскай мары» сцвярджаюць, што выбары, на якіх іх партыя перамагла, былі легітымнымі. Наконт прыпынення перамоваў пра збліжэнне з ЕЗ прэм'ер Іраклій Кабахідзэ казаў, што ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступлення ў еўрапейскі блок да 2030 года.

Апошнія навіны