BE RU EN

Найбуйнейшы ў Расеі вытворца адзення зачыняе фабрыкі

  • 25.01.2025, 12:28

Кіраўнік Gloria Jeans патлумачыў гэта вайной ва Украіне.

Найбуйнейшы ў Расеі вытворца адзення Gloria Jeans (GJ) зачыняе швачныя фабрыкі ў Растоўскай вобласці праз вайну ва Украіне. Пра гэта паведаміў растоўскай газеце «Город N» у пятніцу, 24 студзеня, заснавальнік і кіраўнік кампаніі Уладзімір Мельнікаў.

Gloria Jeans зачыняе фабрыкі ў Растоўскай вобласці

«Няма новых тэхналогій для развіцця і прадукцыйнасці і мы стратныя, бо адны сыходзяць на СВА (як мужчыны, так і жанчыны), а іншыя – шыць аднастайнае адзенне з вялікімі замовамі і большым заробкам. У нас вельмі разнастайны прадукт і мы моцна саступаем у якасці, модзе і кошце альтэрнатыўным пастаўшчыкам. Проста кажучы – гэта вельмі стратна. Мы больш не вытворчая, а рэтэйлер-кампанія», – сказаў бізнэсмэн.

Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на дзве крыніцы, зачыненыя будуць фабрыкі ў гарадах Шахты і Новашахцінск. Іх супрацоўнікі ўжо атрымалі апавяшчэнні аб звальненні з 31 сакавіка.

Рэгіянальны партал «Шахты.ру» піша, што на гэтых прадпрыемствах працуюць у агульнай колькасці больш за 1500 чалавек. Акрамя таго, паводле звестак партала, з канца 2024 года зачынены швачны цэх GJ у горадзе Сальск.

Пад пагрозай ліквідацыі таксама вытворчасці ў гарадах Гукава і Зверава, паведаміла дэпутатка Дзярждумы ад Растоўскай вобласці Кацярына Сцянякіна. Паводле ейных словаў, усяго звальненні закрануць блізу 2000 супрацоўнікаў.

Рэакцыя ўладаў

Сцянякіна выказала незадаволенасць пастановай кампаніі. Яна нагадала, што «ў пачатку 1990-х Gloria Jeans пачынала свой шлях на магутнасцях гэтых дзвюх фабрык, якія ствараліся ў савецкі час». «На базе фабрык Растоўскай вобласці Gloria Jeans стала галоўнай айчыннай вытворцай адзення. Нельга, каб працоўныя калектывы цяпер засталіся без працы, а вытворчасць пайшла на азіяцкія фабрыкі – у Малайзію і іншыя краіны», – напісала дэпутатка ў Telegram-канале.

Яна звярнулася да кіраўніка Мінпрамгандлю РФ Антона Аліханава. «Разам з выканаўчай уладай будзем гаварыць, каб Gloria Jeans падумала пра інвестыцыі ў вытворчасць на Доне і пераабсталяванне нашых фабрык. Закрыццё вытворчасцяў, якія выпускаюць запатрабаваную на рынку прадукцыю, не павінна быць адзіным варыянтам развіцця кампаніі», – адзначыла заканадаўца.

Паводле інфармацыі «РБК Растоў», улады Растоўскай вобласці цяпер шукаюць новых інвестараў для аднаўлення працы прадпрыемстваў.

Перанос вытворчасці ў Азію

Цяпер сетка рытэйлера Gloria Jeans налічвае больш за 600 крамаў больш як у 300 гарадах Расеі, піша «Інтэрфакс». Паводле звестак выдання «Горад N», усяго ў Расеі ў кампаніі 17 фабрык, акрамя таго, у яе ёсць вытворчасці ў Пакістане, Кітаі, Індыі, В'етнаме, Бангладэш і Узбекістане.

У снежні газета «Коммерсант» паведаміла, што GJ пастанвіла перавесці шэраг вытворчых пляцовак з Расеі ў В'етнам, Бангладэш і Узбекістан праз нястачу кваліфікаваных супрацоўнікаў і нізкую якасць матэрыялаў расейскай вытворчасці.

Апошнія навіны