Кандыдат у канцлеры Нямеччыны: Украіна павінна перамагчы і вярнуць усю тэрыторыю
- 25.01.2025, 13:35
Фрыдрых Мерц назваў свае стратэгічныя прыярытэты ў выпадку абрання на пасаду.
Лідар партыі і фракцыі Хрысціянска-дэмакратычнага звязу (ХДЗ), кандыдат у канцлеры Нямеччыны Фрыдрых Мерц, выступаючы з заявай у нямецкім парламенце сказаў, што ў выпадку абрання канцлерам, сярод ягоных стратэгічных прыярытэтаў будзе справядлівае спыненне вайны Расеі супраць Украіны.
23 студзеня на мерапрыемстве ў Берліне Мерц паабяцаў, што прадоўжыць падтрымліваць Украіну. Гаворачы пра спыненне агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, ён адзначыў, што Украіна павінна «перамагчы ў вайне» і быць вольнай у выбары сваіх палітычных і ваенных альянсаў.
«Перамога азначае аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці з дэмакратычна легітымным урадам, які ажыццяўляе ўласны дзяржаўны суверэнітэт», – растлумачыў лідар ХДЗ.
Фрыдрых Мерц не стаў наўпрост каментаваць спрэчкі вакол магчымага пакету дапамогі памерам 3 млрд еўраў для фінансавання далейшых паставак узбраенняў Украіне. Як і дзейны канцлер Олаф Шольц, Мерц заявіў, што Нямеччына не павінна станавіцца бокам вайны.