BE RU EN

Арына Сабаленка саступіла амерыканцы ў фінале Australian Open

  • 25.01.2025, 14:00

Беларуска перапыніла ўражальную пераможную серыю.

Цяперашняя першая ракетка Арына Сабаленка перамагала на Australian Open у 2023 і 2024 гадах. Да гэтых поспехаў мог дадацца тытул і ў 2025-м, але ў фінале беларуская тэнісістка саступіла амерыканцы Мэдысан Кіз – 3:6, 6:2, 5:7.

Пасля поспеху ў паўфінале пераможная серыя Сабаленкі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі складала ўжо 20 матчаў. Нагадаем, у Мельбурне ў 2025-м Арына была мацнейшай за амерыканку Слоан Стывенс (81-ы нумар рэйтынгу) – 6:3, 6:2, гішпанку Джэсіку Манэйра (54) – 6:3, 7:5, датчанку Клары Таўсан (42) – 7:6, 6:4, расеек Міру Андрэеву (15) – 6:1, 6 :2 і Настассю Паўлючэнкаву (32) – 6:2, 2:6, 6:3 і гішпанку Паулу Бадосы (12) – 6:4, 6:2.

Так атрымалася, што за ўвесь турнір беларуска не згуляла ні з адной прадстаўніцай топ-10. Бо і амерыканка Мэдысан Кіз, другая фіналістка, займае ў рэйтынгу 14-ю пазіцыю. У паўфінале яна выбіла галоўную спаборніцу Сабаленкі, былую першую ракетку Ігу Свёнтэк (Польшча). Матч прадаўжаўся больш за дзве з паловай гадзіны і закончыўся на тай-брэйку вызначальнай партыі. Увогуле чатыры з шасці матчаў Кіз у Мельбурне прадаўжаліся тры сэты. Акрамя Свёнтэк, Мэдысан узяла верх над яшчэ адной тэнісісткай з топ-10 – Аленай Рыбакінай (7) з Казахстана.

Відавочна, Сабаленка, якая толькі раз не ўклалася ў два сэты, падышла да паядынку больш свежай. Раней беларуска гуляла з амерыканкай пяць разоў і перамагла ў чатырох супрацьстаяннях. Летась тэнісісткі сустракаліся на турніры ў Пекіне, і Арына перамагла ў Кіз за два сэты – 6:4, 6:3.

У Мельбурне Сабаленка няўпэўнена ўвайшла ў гульню. Яна зрабіла дзве падвойныя памылкі ў першым гейме і саступіла сваю падачу. У пятым гейме сітуацыя паўтарылася: Арына здзейсніла падвойную памылку, за што тут жа адбылася адплата. Кіз перамагла другі брэйкавы бал. Гэта ўжо была сур'ёзная заяўка на поспех. Пры ліку 1:5 беларуска ўзяла два геймы запар. Але потым зноў падвойная – і Кіз перамагла ў сэце (6:3).

У другой партыі на падачы амерыканкі адразу пачалася сур'ёзная барацьба. Аднак яна ўсё ж не дазволіла спаборніцы павесці ў ліку. А вось у трэцім гейме Сабаленка зрабіла брэйк і захапіла ініцыятыву – 2:1. Беларуска значна палепшыла адсотак трапляння першай падачы, а Кіз стала часцей памыляцца ў ключавыя моманты разгулянак. Сэт застаўся за Арынай – 6:2.

У вызначальнай партыі Сабаленка зноў нацэлілася на брэйкавы бал у трэцім гейме. Але Мэдысан адгулялася з ліку 0:30. Спаборніцы спраўна бралі сваю падачу. Усё вызначыў 11-ы гейм. Пры ліку 6:5 на сваю карысць 29-гадовая Кіз узяла чужую падачу і ўпершыню ў кар'еры перамагла на турніры серыі Вялікага шалома. А вось Арына не здолела перамагчы ў Мельбурне трэці раз запар.

Пераможца Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі – 2025 без уліку падаткаў атрымае 3,5 млн аўстралійскіх даляраў (прыкладна 2,2 млн даляраў ЗША). Той, хто саступіў, зарабіў на мільён даляраў ЗША менш.

Апошнія навіны