BE RU EN

Беспілотнікі патрапілі ў 4-ы паводле аб'ёму вытворчасці НПЗ у Расеі

  • 29.01.2025, 8:10

У Ніжагародскай вобласці ўспыхнуў магутны пажар.

Уночы 29 студзеня беспілотнікі атакавалі нафтабазу ў горадзе Кстова Ніжагародскай вобласці Расеі. Пра гэта паведаміла расейскае выданне Astra.

«Беспілотнікі атакавалі Ніжагародскую вобласць. З папярэдніх звестак, пад удар трапіла нафтабаза ў Кстова, паведамляюць відавочцы. Там пачаўся пажар», - гаворыцца ў паведамленні.

Менавіта ў гэтым горадзе знаходзіцца НПЗ «Лукойл-Ніжагароднафтааргсінтэз», які ўжо быў атакаваны амаль год таму.

У той жа час у тэлеграм-канале Mash адзначылі, што расейская СПА адпрацавала па некалькіх БПЛА ў небе, аднак у раёне прадпрыемства бачны пажар.

Губернатар Ніжагародскай вобласці Глеб Нікіцін заявіў, што на тэрыторыю прадпрыемства ўпалі толькі абломкі дрона.

«У выніку адбіцця атакі БПЛА на тэрыторыю аднаго з прадпрыемстваў Кстоўскай прамзоны ўпалі абломкі беспілотніка. Ліквідацыяй узгарання зараз займаюцца пажарныя», - напісаў Нікіцін.

Мясцовыя жыхары сталі хутка выкладаць у сеціва фота вялікіх языкоў полымя, якія ахапілі нафтаперапрацоўчы завод.

Амаль год таму, 12 сакавіка, гэты НПЗ ужо быў атакаваны беспілотнікамі. Тады дроны знішчылі адну з установак у перапрацоўцы нафты. Доўгі час завод прастойваў, праводзячы рамонтныя працы.

Вядома, што ў 2022 года НПЗ "Лукойл-Ніжагароднафтааргсінтэз" перапрацаваў 15 млн тон нафты, або 5% ад агульнага аб'ёму перапрацоўкі нафты ў РФ. Гэты завод з'яўляецца чацвёртым паводле аб'ёму вытворчасці нафты ў Расеі.

Апошнія навіны