«Хіба яны не дурні?»: пад Курскам расейцы штурмуюць у лоб, страты катастрафічныя
- 29.01.2025, 8:55
Расейскія салдаты ўцякаюць у паніцы, сустракаючы супраціў украінскіх сіл.
Расейскія марскія пяхотнікі і дэсантнікі кідаюць сваю бранятэхніку проста на пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці і ў паніцы ўцякаюць, сустракаючы супраціў 47-й механізаванай брыгады УСУ, абсталяванай амерыканскімі баявымі машынамі М-2, піша Forbes.
Вынікам такіх нападаў становіцца толькі рост колькасці знішчанай тэхнікі.
«Расейцы адчайна спрабуюць вызваліць Курскую вобласць і нясуць вялізныя страты», - паведаміў аператар беспілотніка марской пяхоты Украіны Крыгсфоршэр, чыё падраздзяленне абараняе той жа сектар, што і 47-я брыгада.
Зрэшты, нягледзячы на значныя страты, гэта не азначае, што Расея саступіць у захопніцкай вайне, якая доўжыцца ўжо чацвёрты год. Украіна не нішчыць так шмат тэхнікі ў бессэнсоўных нападах, аднак сама сутыкаецца з сур'ёзнымі цяжкасцямі на расцягнутай лініі фронту.
Падчас трохдзённага штурму, які пачаўся 18 студзеня з удзелам 155-й асобнай марской пяхотнай брыгады і 234-га дэсантна-штурмавага палка РФ, было знішчана 14 БМП і БМД, а таксама тры танкі Т-80. Яшчэ адзін штурм, які адбыўся ў аўторак ці незадоўга да яго, скончыўся для РФ стратамі сама меней чатырох танкаў, баявых машын і аднаго пікапа.
Расейцы не выканалі загад Пуціна
Украінскія сілы імкліва прарваліся да Курску яшчэ ў жніўні, захапіўшы 250 квадратных міль тэрыторыі каля Суджы. Правадыр РФ Уладзімір Пуцін загадаў сваім войскам і паўночнакарэйскім падмацаванням выбіць украінцаў да лютага. Аднак, нават маючы перавагу 60 тысяч вайскоўцаў супраць 20 тысяч, расейска-паўночнакарэйскія падраздзяленні змаглі дасягнуць толькі нязначных тактычных поспехаў, піша выданне.
Аб няўдачах акупантаў сведчаць шматлікія згарэлыя рэшткі тэхнікі паблізу Нікольскага - вёскі, якую абараняе 47-я механізаваная брыгада.
Баі ў аўторак сталі тыповым прыкладам расейскай тактыкі. Штурмавая група на бронемашынах, танках і нават пікапе рушыла ў атаку сярод белага дня па тых жа дарогах, што і раней. Украінскія дроны хутка зафіксавалі калону, пасля чаго ўдарныя беспілотнікі атакавалі тэхніку, а М-2 47-й брыгады дабівалі пакінутых хуткастрэльнымі 25-мм гарматамі. Дроны з боепрыпасамі канчаткова знішчылі іншыя машыны, сярод якіх быў і пікап.
«Хіба яны не хворыя і не стаміліся?» - здзіўляецца Крыгсфоршер, - «Я сапраўды не разумею сэнсу атакаваць у тым жа месцы, дзе атакуюць трэці месяц».
У той жа час ён прызнае, што расейскім войскам удалося дасягнуць мінімальных поспехаў у наваколлях выступу. «Яны працягваюць ваяваць і наступаць».
Страты РФ і яе супольнікаў з'яўляюцца катастрафічнымі. Са слоў украінскіх чыноўнікаў, пад Курскам ужо ліквідавана або паранена 30000 расейскіх вайскоўцаў. Сярод паўночнакарэйцаў страты дасягнулі 4000 чалавек, у тым ліку высокапастаўленых афіцэраў. З-за недахопу бранятэхнікі некаторыя расейскія падраздзяленні вымушаны ісці ў атаку на цывільных легкавых аўто.
Такі ўзровень страт спараджае сур'ёзныя праблемы ў вайсковым камандаванні РФ. Крэмль разлічвае, што сітуацыя ва Украіне яшчэ горшая - і, магчыма, не беспадстаўна.
Самыя баяздольныя ўкраінскія брыгады маюць патрэбу ў папаўненні, аднак Кіеў накіроўвае навабранцаў у зноў створаныя злучэнні, якія маюць слабое камандаванне і недастатковую падтрымку. Дзве такія брыгады ўжо распаліся пад ударамі расейскай артылерыі, а многія маладыя салдаты панеслі страты з-за дрэннай падрыхтоўкі.
Абодва войскі вядуць знясільваючую барацьбу. Расея кідае ў бой апошнія рэзервы дзеля некалькіх метраў пасоўвання. Украінскія войскі, адбіваючы атакі, нясуць страты ва ўмовах нястачы жывой сілы. Галоўнае пытанне застаецца нязменным: хто зазнае крах першым?