Паездка ў грамадскім транспарце Менска падаражэе да трох рублёў?
- 29.01.2025, 9:44
Улады скардзяцца на «вельмі вялікія выдаткі».
Менчане пры куплі аплачваюць менш за трэціну рэальнага кошту праезду ў грамадскім транспарце — астатняе кампенсуе дзяржава. А напраўду адная паездка каштуе блізу трох рублёў - пра гэта паведаміў старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран, перадае дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости».
На прыёме ў чыноўніка пенсіянер з Заводскага раёна ўзняў пытанне аплаты праезду ў грамадскім транспарце. Мужчына часта наведвае лекараў, і на адну паездку ва ўстанову аховы здароўя ў яго ідзе чатыры білеты. Ён папрасіў прадугледзець для пенсіянераў ільготны праезд у грамадскім транспарце або "ўвесці ў практыку разгляд і задавальненне ў індывідуальным парадку патрэбны асобных грамадзян".
Арцём Цуран прапанаваў менчуку звярнуцца па адрасную матэрыяльную дапамогу ў Мінгарвыканкам, калі ён адпавядае крытэрам.
Што тычыцца зніжэння кошту білетаў для пенсіянераў, са слоў чыноўніка, дзейны тарыф і без таго льготны, паколькі пасажыр, аплачваючы праезд, кампенсуе менш за трэціну рэальнага яго кошту - астатняе папаўняе гарадскі бюджэт. Да таго ж штогод з таго ж бюджэту дзясяткі мільёнаў рублёў накіроўваюцца на абнаўленне рухомага складу.
- Выдаткі на камунальны транспарт у нас вельмі вялікія. Калі б ён быў самаакупны, як таксі, і талон каштаваў блізу 3 рублёў, як ён павінен бы каштаваць, калі ласка, можна было б уводзіць і льготы, - заявіў старшыня Менгарсавета, аднак паабяцаў «прапрацаваць пытанне».
Цяпер білет на аўтобус, тралейбус, трамвай, электробус у Менску каштуе 85 капеек, а пры куплі ў кіроўцы — 90 капеек. Білет на аўтобус-экспрэс - 1 рубель, пры куплі ў кіроўцы - 1,05 рубля. Жэтон на метро каштуе 90 капеек.
Адзначым, сабекошт праезду ў метро ўлады Менска ацэньваюць на 2,12 рубля - такую суму ў канцы мінулага года назваў старшыня Менскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. Чыноўнік таксама заявіў, што розніцу закрываюць за кошт гарадскога бюджэту - у сярэднім на год на гэта выдаткоўваюцца блізу 134 млн рублёў.
Аднак бюджэт Менска на 94 адсоткі фармуецца за кошт падаткаў. Гэта значыць, што не наўпрост, але праз аплату падаткаў кампаніямі і насельніцтвам людзі ўсё адно ўносяць уклад у аплату кошту праезду ў метро.