«Атруціўся прапагандай РФ»: Украіна рэзка адказала Фіцо
- 29.01.2025, 10:09
Прэм'еру Славакіі параілі паглядзець у люстэрка.
Міністэрства замежных спраў Украіны адрэагавала на апошнія рэзанансныя заявы прэм'ер-міністра Славакіі Робэрта Фіцо. Ведамства расцэньвае іх як спробу перакласці на Украіну адказнасць палітыка за няўдачы ва ўнутранай палітыкі.
Пра гэта паведамляе МЗС Украіны.
У каментары замежнапалітычнага ведамства адзначаецца, што Фіцо на фоне падзення даверу сярод славацкага грамадства і пратэстаў супраць яго прарасейскага курсу, «звярнуўся да пошуку ворагаў і знайшоў іх ва Украіне».
«Расцэньваем гэтыя чарговыя абсурдныя заявы як спробу перакінуць адказнасць за ўласныя няўдачы ва ўнутранай палітыцы на замежныя дзяржавы і лідараў. Раім паглядзець не за мяжу, а ў люстэрка», - гаворыцца ў заяве.
У МЗС падкрэслілі, што ўкраінскі бок неаднаразова папярэджваў аб небяспецы прарасейскай палітыкі кіраўніцтва Славакіі.
«Вынік відавочны: Робэрт Фіцо і асобныя парламенцкія дзеячы Славакіі атруціліся расейскай прапагандай, перасталі адрозніваць чорнае і белае, а цяпер ужо пачалі называць лідараў суседніх прыязных дэмакратый «ворагамі», - адзначаюць у ведамстве.
У МЗС таксама ўпэўненыя, што такая пазіцыя і палітыка Робэрта Фіцо "ідзе насуперак выбару народа Славакіі быць неад'емнай часткай Еўрапейскай супольнасці".