Вучыч загаварыў аб датэрміновых выбарах у Сербіі
- 29.01.2025, 10:43
Гэта стала рэакцыяй на адстаўку прэм'ер-міністра.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч дапусціў магчымасць правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў у красавіку. Гэта стала рэакцыяй на адстаўку прэм'ер-міністра на фоне маштабных антыўрадавых пратэстаў у краіне.
Пра гэта піша РБК-Украіна са спасылкай на Reuters.
У тэлевізійным звароце сербскі прэзідэнт заявіў, што яго партыя SNS (Сербская прагрэсіўная партыя) на працягу 10 дзён павінна вызначыцца, ці сфармаваць урад большасці або правесці пазачарговыя парламенцкія выбары.
Ён удакладніў, што новыя выбары могуць адбыцца ў красавіку.
Са звестак аглядальнікаў, адстаўка прэм'ер-міністра Сербіі Мілаша Вуцэвіча дэстабілізавала кантраляваны Вучычам урад, і заахвоціла апазіцыю заклікаць да фармавання часовага ўрада.
Да стварэння часовага ўрада з экспэртаў, ухваленых студэнтамі, заклікала апазіцыйная партыя Kreni-Promeni.
Пры гэтым сербскі прэзідэнт у цяперашнім звароце да нацыі падкрэсліў, што аб часовым урадзе "не можа быць і гаворкі".
Варта заўважыць, што хаця партыя Вучыча на датэрміновых выбарах у парламент у 2023 годзе атрымала ўпэўненую перамогу, апошнім часам яна адчувае ўсё большы ціск.
Крытыка сербскай улады і антыўрадавыя пратэсты
Апазіцыйныя партыі і праваабаронцы абвінавачваюць Вучыча і яго партыю SNS у подкупе выбарцаў, прыцісканні свабоды СМІ, гвалце супраць апанентаў, карупцыі і сувязях з арганізаванай злачыннасцю.
Прэзідэнт Сербіі і яго супольнікі адмаўляюць гэтыя абвінавачанні.
Адстаўкі ў сербскім урадзе з-за мітынгаў
На фоне росту пратэстаў у Сербіі, якія пачаліся пасля падзення даху на чыгуначнай станцыі ў горадзе Нові-Сад у лістападзе мінулага года, у выніку якога загінулі 15 чалавек, і дагэтуль набіраюць абароты, у адстаўку таксама сышлі міністры гандлю, а таксама будаўніцтва, транспарту і інфраструктуры.
Але супакоіць мітынгоўцаў гэта не змагло. Тысячы студэнтаў, выкладчыкаў і іншых работнікаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, называюць прычынай катастрофы на станцыі ў Нові-Садзе карупцыю ва ўрадзе Вучыча.
Так, на прэс-канферэнцыі ў аўторак прэм'ер Вуцэвіч пасля абвяшчэння аб сваёй адстаўцы заявіў, што "пайшоў на гэты крок, каб разрадзіць напружанасць". Ён дадаў, што мэр Нові-Сада таксама пойдзе ў адстаўку.
Са слоў ужо экс-прэм'ера, гэтым «мы задаволілі ўсе патрабаванні найбольш радыкальных пратэстоўцаў».
Дададзім, Вучыч таксама заклікаў апазіцыйныя палітычныя сілы партыі не байкатаваць парламенцкія выбары, калі яны адбудуцца.
Раней паведамлялася, што ў лістападзе 2024 года ў сталіцы Сербіі Бялградзе пачаўся антыўрадавы мітынг. Гэта адбылося пасля катастрофы на чыгуначнай станцыі, якая забрала жыцці людзей.