«Вайсковы хірург» з Даніі падмануў мянчанку на 40 тысяч рублёў
- 29.01.2025, 14:15
Пенсіянерцы напісаў незнаёмец на імі Фелікс.
У Менску 69-гадовая жанчына стала ахвярай інтэрнэт-ашуканца, які выдаваў сябе за вайсковага хірурга з Даніі. За паўтара года яна перавяла аферысту амаль 40 тысяч рублёў, піша «Онлайнер».
Летам 2023 года пенсіянерцы ў сацыяльнай сетцы напісаў незнаёмец на імені Фелікс. Ён прадставіўся вайсковым лекарам, які служыць у Даніі, і хутка завязаў рамантычныя стасункі. У мэсэнджэры мужчына расказваў мянчанцы пра свае пачуцці і абяцаў прыехаць да яе.
Ашуканец расказваў, што ў яго на рахунку каля мільёна даляраў, але ён не можа скарыстацца грашыма праз вайсковую службу. Ён прасіў дапамагчы з білетамі, транспартаваннем багажу і іншымі выдаткамі. Жанчына даверылася яму і рэгулярна адпраўляла грошы.
Падман раскрыўся, калі дачка пенсіянеркі даведалася пра віртуальны раман і настаяла на звароце ў міліцыю. Цяпер у справе вядзецца праверка.