BE RU EN

Bloomberg: Крэмль страчвае надзею захаваць вайсковыя базы ў Сірыі

  • 29.01.2025, 15:11

Перамовы з новым сірыйскім урадам зайшлі ў нявыкрутку.

Масква страчвае надзею захаваць дзве вайсковыя базы ў Сірыі, якія дазвалялі ёй уплываць на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Перамовы з новым сірыйскім урадам зайшлі ў нявыкрутку.

Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Як паведаміла крыніца выдання, расейская актыўнасць на аэрадроме ў Хмейміме абмежаваная, а два транспартныя судны былі вымушаны чакаць некалькі тыдняў, перш чым сірыйскія ўлады дазволілі ім прышвартавацца на вайсковай марской базе ў Тартусе для вывазу вайсковай тэхнікі.

Намеснік міністра замежных спраў Расеі Міхаіл Багданаў, спецпрадстаўнік прэзідэнта Уладзіміра Пуціна па Блізкім Усходзе, прыбыў 28 студзеня ў Дамаск. Гэта першы візіт дэлегацыі з Масквы пасля змены ўлады ў Сірыі.

Раней Крэмль спадзяваўся пераканаць Хаят Тахрыр аль-Шам (HTS), былое адгалінаванне Аль-Каіды, якое ўзначаліла скідванне супольніка Крамля Башара Асада, дазволіць яму застацца на базах. Расея дапамагла Асаду ўцячы ў Маскву, калі ягоны рэжым абрынуўся.

Вайсковыя базы

Тартус - адзіны расейскі вайсковы марскі вузел у Міжземнамор'е, а Хмеймім - ключавая база забеспячэння для дзеянняў Масквы ў многіх частках Афрыкі.

Расея выкарыстоўвала гэтыя дзве базы, каб паспрабаваць аднавіць свой уплыў часоў Халоднай вайны на Блізкім Усходзе. Іх страта стала б значным стратэгічным адкатам, паколькі Расея застаецца ў эскалацыі канфрантацыі з ЗША і іх еўрапейскімі супольнікамі амаль тры гады з таго часу, як Пуцін аддаў загад аб поўнамаштабным уварванні ва Украіну.

Са звестак адсочвання суднаў, сабраным агенцтвам Bloomberg, прынамсі адно з расейскіх суднаў – "Спарта II", прызначанае для перавозкі грузавікоў, пакінула порт Тартус.

Пуцін надаў вайсковую падтрымку Асаду ў 2015 годзе, што дапамагло змяніць ход вайны супраць паўстанцкіх сіл у той час. У 2017 годзе Расея атрымала 49-гадовую арэнду базы Тартус і аэрадрома Хмеймім.

Пазіцыя Турцыі і краін Захаду

Турцыя, якая падтрымала паўстанцаў у зрынанні Асада і з'яўляецца апанентам Расеі ў Сірыі, выступае супраць працягу вайсковай прысутнасці Масквы ў краіне. Вельмі сумнеўна, што новыя сірыйскія ўлады дазволяць Расеі застацца на базах пасля таго, як расейскія вайсковыя самалёты атакавалі сілы апазіцыі падчас грамадзянскай вайны ў краіне, заявілі два высокапастаўленыя турэцкія чыноўнікі.

Турцыя прапанавала пастаўляць сірыйскім узброеным сілам зброю і праводзіць навучанне. Значная частка вайсковага патэнцыялу краіны была знішчана ізраільскімі атакамі пасля зрынання Асада.

Міністры замежных спраў Нямеччыны і Францыі наведалі Сірыю неўзабаве пасля Новага года, калі Еўрапейскі Звяз актывізаваў намаганні ў наладжванні сувязяў з новымі ўладамі і перакананні іх абмежаваць уплыў Расеі.

Міністры замежных спраў краін ЕЗ 17 студзеня дасягнулі папярэдняй дамоўленасці наконт дарожнай карты аб паступовым змякчэнні санкцый у дачыненні да Сірыі, паведаміла галоўная дыпламатка блока Кая Калас.

Апошнія навіны