ЕЗ рыхтуе новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
- 29.01.2025, 15:27
Яны прымеркаваныя да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Новыя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Менска ў рамках пакета абмежаванняў, які будзе прымеркаваны да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, рыхтуе Еўразвяз. Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на праекты пастаноў, да якіх выданне атрымала доступ.
Еўразвяз плануе забараніць пастаўкі ў Беларусь, а таксама транзіт праз нашу краіну тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць тэхналагічнаму развіццю абароннага сектара. Акрамя таго, прапануецца абмежаваць пастаўкі пярвічнага алюмінію з Беларусі, які выкарыстоўваўся для дыверсіфікацыі даходаў.
Тавары, пастаўкі якіх прапануецца забараніць, былі падзеленыя на 10 катэгорый:
Электроніка (электронныя прылады і кампаненты, у тым ліку мікрасхемы, працэсары, інтэгральныя схемы, праваднікі, электрычныя модулі, абсталяванне і г.д.);
Кампутары і дэталі да іх (не распаўсюджваецца на тавары для асабістага карыстання фізічных асоб);
Тэлекамунікацыйнае абсталяванне (для працы пры экстрэмальна нізкіх і высокіх тэмпературах, сістэмы перадачы звестак і кампаненты да іх, рэлейнае абсталяванне, транскодэры, шыфравальна-крыптаграфічнае абсталяванне і г.д.);
Датчыкі і лазеры (марское ці наземнае акустычнае абсталяванне, здольнае выяўляць ці вызначаць месцазнаходжанне падводных аб'ектаў і іх кампанентаў, аптычныя датчыкі, камеры, аптычныя фільтры і г.д.);
Навігацыйная і авіяцыйная тэхніка (бартавая апаратура сувязі, усе інерцыйныя навігацыйныя сістэмы самалётаў і іншае авіяцыйнае абсталяванне і дэталяў да іх і г.д.);
Судны, марскія сістэмы або абсталяванне і спецыяльна распрацаваныя для іх кампаненты (тэлевізійныя сістэмы, падводныя камеры і г.д.);
Аэракасмічныя ўстаноўкі і рухавікі (дызельныя рухавікі, трактары і спецыяльна распрацаваныя дэталі да іх, колавыя і дарожныя цягачы грузападымальнасцю 9 тон і больш і інш.);
Іншая прадукцыя (абсталяванне для здабычы або выведкі нафты, сістэмы газавага кантролю і дэтэктары да іх, абсталяванне для сейсмічных вымярэнняў, хімікаты для электроннай прамысловасці і г.д.);
Спецыяльныя матэрыялы і спадарожнае абсталяванне (хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад слёзацечнага газу, дымавых гранат, каністраў, гранат і іншых піратэхнічных вырабаў падвойнага прызначэння і іх кампанентаў, парашкоў і фарбавальнікаў для зняцця адбіткаў пальцаў, дазіметраў і г.д.);
Апрацоўка матэрыялаў (абсталяванне для выяўлення і ідэнтыфікацыі выбуховых рэчываў ці дэтанатараў і г.д.).