Сірыя запатрабавала ад Расеі выдаць Асада
- 29.01.2025, 17:42
Таксама паўстанцы дамагаюцца выдачы асяроддзя ўцекача дыктатара.
Сірыйскія ўлады запатрабавалі ў Масквы выдачы былога дыктатара Башара Асада і ягоных найбліжэйшых паслугачоў, якія ўцяклі ў Расею пасля захопу Дамаска паўстанцамі ў снежні мінулага года. Пра гэта падчас сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў РФ Міхаілам Багданавым заявіў фактычны лідар Сірыі Ахмед Шараа, піша The Times Of Israel са спасылкай на крыніцы, дасведчаныя аб ходзе перамоў.
Са звестка суразмоўцаў выдання, прэс-сакратар Пуціна Зміцер Пяскоў адмовіўся пракаментаваць, ці сапраўды было выстаўленае такое патрабаванне. Таксама ў Крамлі заяўляюць, што працягваюць наладжванне дыялогу з новым кіраўніцтвам Сірыі дзеля захавання сваіх вайсковых аб'ектаў у краіне. Размова ідзе аб ваенна-марской базе ў Тартусе і авіябазе Хмеймім недалёка ад партовага горада Латакія, страта якіх можа нанесці сур'ёзны ўдар па вайсковых магчымасцях Расеі ў рэгіёне.
Інфармацыю аб патрабаванні да Расеі аб выдачы Асада пацвердзіла таксама дасведчаная ў перамовах крыніца Reuters з сірыйскага боку.
Расейская дэлегацыя прыязджала ў Дамаск 28 студзеня ўпершыню пасля зрынання ўлады Асада, які на пачатку снежня ўцёк у Маскву разам з сям'ёй.