BE RU EN

Reuters: У расейскай нафтаперапрацоўкі пачаліся праблемы

  • 29.01.2025, 17:57

НПЗ працуюць на знос.

Расейскія НПЗ нарошчваюць перапрацоўку нафты, каб павялічыць экспарт паліва. Новыя санкцыі ЗША, накіраваныя супраць танкераў і трэйдараў, значна ўскладнілі пастаўкі сырой нафты, як паведамляюць правераныя крыніцы выдання Reuters (пераклад — сайт Charter97.org):

- Расея спрабуе адаптавацца да заходніх санкцый, уведзеных у адказ на ўварванне ва Украіну з 2022 года. Для гэтага яна пашырае флот, пераарыентуе экспарт нафты з Еўропы на Азію і шукае новыя рынкі збыту ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

Новыя санкцыі ЗША, уведзеныя ў студзені ў дачыненні да расейскай нафтавай галіны, істотна павялічылі кошт і ўскладнілі экспарт сырой нафты для асноўных пакупнікоў у Азіі - Індыі і Кітая.

Крыніцы Reuters, якія пажадалі захаваць ананімнасць, кажуць, што аб'ёмы перапрацоўкі нафты ў Расеі павялічыліся на 2 адсоткі, або на 108 000 барэляў, дасягнуўшы 754 800 метрычных тон на дзень у перыяд з 15 да 19 студзеня ў параўнанні з першым тыднем студзеня:

- Больш за тое, перапрацоўка нафты таксама ўзрасла на 1,2 адсотка ў параўнанні з сярэднім паказчыкам за студзень 2024 года. Дзякуючы столі коштаў G7, у Расеі больш магчымасцяў для экспарту паліва, чым сырой нафты.

Масква можа карыстацца паслугамі заходніх суднаходных кампаній, калі прадае нафту коштам ніжэйшым за 60 даляраў за барэль і дызельнае паліва коштам ніжэй за 100 даляраў за барэль.

Столь кошту на 60 даляраў за барэль ніжэйшая за бягучую цану на Urals, флагманскай расейскай маркі экспартнай нафтавай сумесі, якая складае блізу 70 даляраў.

Трэйдары кажуць, што ў наш час столь коштаў, усталяваная на гатовы прадукт, у асноўным на дызельнае паліва (кошт якога складае 100 даляраў за барэль), усё яшчэ пакідае магчымасць для атрымання прыбытку:

- Цяпер расейскае дызельнае паліва прадаецца коштам блізу 75 даляраў за барэль. Для перавозкі паліва даступна больш суднаў, чым для сырой нафты.

Спробы Расеі павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі нафты сутыкаюцца з цяжкасцямі з-за нападаў украінскіх дронаў і праблем у эканоміцы, піша Reuters:

- Вядучы расейскі вытворца нафты, кампанія Раснафта, заявіла, што можа адмовіцца ад планаў мадэрнізацыі сваіх НПЗ.

Тым не менш, крыніцы паведамляюць, што расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на мяжы магутнасцяў. Яны робяць стаўку на судны для экспарту паліва, пасля таго як судны для перавозкі сырой нафты патрапілі пад санкцыі.

"Мы павінны максімальна павялічыць перапрацоўку нафты, каб эфектыўна выкарыстоўваць (санкцыйную) нафту", – кажа адзін з інфарматараў.

Прыкладна 180 танкераў апынуліся пад санкцыямі, уведзенымі адміністрацыяй прэзідэнта Джо Байдэна ў пачатку студзеня. Гэтыя судны ў асноўным выкарыстоўваліся для перавозкі расейскай нафты, і ў меншай ступені паліва. Санкцыі набылі моц яшчэ перад інаўгурацыяй новага прэзідэнта ЗША, Дональда Трампа.

У 2024 годзе гэтыя танкеры перавозілі амаль 1,5 мільёна барэляў сырой нафты за дзень і ўсяго 200 000 барэляў за дзень нафтапрадуктаў, паводле аналізу Morgan Stanley.

Санкцыі таксама былі накіраваныя супраць расейскіх нафтавых кампаній "Сургутнафтагаз" і "Газпрам нафта".

Паводле інфармацыі адной з крыніц, Кірышскі НПЗ "Сургутнафтагаза" на захадзе Расеі падвысіў аб'ём перапрацоўкі нафты амаль на 8% у перыяд з 1 да 21 студзеня ў параўнанні з 1 да 27 снежня.

Расея з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце марскіх экспарцёраў дызельнага паліва і мазуту. Заходнія чыноўнікі заявілі, што яны не імкнуцца поўнасцю спыніць расейскі экспарт, але хочуць скараціць даходы, каб Масква спыніла вайну ва Украіне.

Апошнія навіны