«Бранск», «Калуга» і «Ліпецк» хочуць гуляць у чэмпіянаце Беларусі ў хакеі
- 29.01.2025, 19:11
У чэмпіянаце ўжо выступае смаленскі «Славуціч».
Прыклад смаленскага «Славуціча», які з цяперашняга сезона выступае ў Экстралізе, стаўся заразлівым для іншых каманд з Расеі.
Ужо ў наступным чэмпіянаце спаборнікам беларускіх клубаў можа стаць «Бранск», які ўжо падрыхтаваў дакументы, неабходныя для ўступлення ў новы турнір. Працэс уступлення каманды ў чэмпіянат знаходзіцца на этапе ўзгаднення. «Бранск» праз шэраг прычын не можа гуляць у ВХЛ, таму Экстраліга для клуба - сапраўднае выйсце.
Дарэчы, яшчэ 13 студзеня губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін зрабіў заяву аб тым, што «Бранск» плануе ўзяць удзел у наступным сезоне беларускай Экстралігі. На гэты момант бранская каманда выступае ў НМХЛ. Пацвердзіў жаданне клуба згуляць у суседняй краіне і дырэктар Дэпартамента фізічнай культуры і спорту Бранскай вобласці Максім Рудзін:
- Цяпер мы гуляем у Нацыянальнай моладзевай хакейнай лізе. Гэта значыць, хлопцы выступаюць тры гады і далей вымушаныя пакідаць клуб, бо каманды ў ВХЛ у нас няма, а маглі б заставацца ў Бранску і складаць касцяк дарослай каманды. Нам даводзіцца зноўку збіраць склад. У чэмпіянаце Беларусі мы зможам выступаць на высокім узроўні, моладзь будзе заставацца ў камандзе і ўдасканальвацца.
У перспектыве ў наш чэмпіянат могуць увайсці «Калуга» і «Ліпецк».