У Беларусі ўзрост кіроўцаў некаторых транспартных сродкаў хочуць знізіць да 17 гадоў
- 29.01.2025, 20:21
У краіне няма каму працаваць у сельскай гаспадарцы.
У Беларусі прапанавалі знізіць узроставы парог для кіроўцаў аднаго з транспартных сродкаў з 18 да 17 гадоў, піша БелТА.
Паводле словаў чальца сталай камісіі ў прамысловасці, энэргетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці «палаты прадстаўнікоў» Сяргея Давыдава, такая прапанова з'яўляецца адной з навацый законапраекта аб дарожным руху.
Так, праект закона прапануе знізіць з 18 да 17 гадоў узрост асобаў, якія змогуць атрымліваць права кіравання самаходнай машынай сельскагаспадарчага прызначэння (катэгорыя F). Таксама хочуць прадугледзець павелічэнне максімальна дапушчальнай магутнасці рухавіка для колавых трактароў і самаходных машынаў катэгорый C, D, E, F.
Калі закон будзе прыняты, то тады з 17 гадоў беларускія падлеткі змогуць атрымліваць правы на кіраванне трактарамі і камбайнамі. А значыць – ужо з другога курсу ўдзельнічаць у працы ў сельгасарганізацыі. За гэта выступала і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Акрамя таго, Сяргей Давыдаў звярнуў увагу, што для аператыўнай рэалізацыі прапанаваных навацый у законапраект яшчэ ўнеслі змены, каб скараціць тэрмін пачатку дзеяння закона аб дарожным руху – з шасці да двух месяцаў.