Маска афіцыйна вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру
- 29.01.2025, 21:46
За абарону правоў чалавека і адстойванне свабоды слова.
Кандыдатуру Ілана Маска вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру за абарону правоў чалавека і адстойванне свабоды слова. Пра гэта ў сваёй сацсетцы паведаміў дэпутат Еўрапарламента ад Славеніі Бранка Грымс.
Дэпутат выказаў падзяку тым, хто супольна з ім спрыяў вылучэнню Маска, а таксама выклаў электронны ліст ад нарвежскага Нобелеўскага інстытута, дзе ўказваецца, што прапанова аб вылучэнні была прынятая.
«Сёння была афіцыйна пададзеная прапанова аб вылучэнні Ілана Маска на Нобелеўскую прэмію міру 2025 года. Ягоная кандыдатура была вылучаная на знак прызнання ягонай паслядоўнай падтрымкі фундаментальнага права чалавека на свабоду слова, а значыць, і на мір», – гаворыцца ў лісце.
Ілан Маск – амерыканскі прадпрымальнік, інжынер і мільярдэр, чые інавацыйныя праекты змянілі адразу некалькі галінаў. У 2022 годзе часопіс Forbes упершыню афіцыйна прызнаў яго самым багатым чалавекам у свеце, ацаніўшы ягонае багацце на 219 млрд даляраў. Да гэтага Маск некалькі разоў узначальваў рэйтынг у рэжыме рэальнага часу, канкуруючы з заснавальнікам Amazon Джэфам Безасам.
Маск найболей вядомы дзякуючы дзвюм ключавым кампаніям: Tesla і SpaceX. У траўні 2020 года SpaceX увайшла ў гісторыю, ажыццявіўшы першы прыватны пілатаваны запуск карабля Crew Dragon да Міжнароднай касмічнай станцыі. Да гэтага цягам дзевяці гадоў дастаўку экіпажаў на МКС забяспечвалі толькі расейскія караблі серыі «Саюз».
Яшчэ адзін кірунак працы SpaceX – стварэнне глабальнай спадарожнікавай сеткі Starlink, якая павінна забяспечыць высакахуткасны інтэрнэт у любым пункце свету. Апроч гэтага, Маск актыўна прасоўвае ідэю каланізацыі Марса.
У кастрычніку 2022 года прадпрымальнік набыў сацыяльную сетку Twitter, што стала адной з самых гучных угодаў года.