BE RU EN

У Беларусі прадаўжаюцца праблемы з інтэрнэтам і мабільнай сувяззю

  • 30.01.2025, 9:59

Гэта тычыцца розных правайдэраў.

Беларусы прадаўжаюць скардзіцца на праблемы з інтэрнэтам - як мабільным, так і хатнім, ад розных правайдэраў - а таксама з VPN-сэрвісамі, піша devby.io.

Адзін з чытачоў devby.io напісаў 29 студзеня ноччу а 2.00: «Мабільны інтэрнэт на А1 лёг. Не грузіць нават дзяржаўныя парталы кшталту pravo.by». У пацвярджэнне сваіх слоў ён прыклаў скрыны: ён спрабаваў адкрыць Instagram, заходзіў у Telegram, на YouTube і нават на pravo.by - нічога не працавала.

Субяседнік адзначыў, што перабоі з інтэрнэтам яму асабіста «ствараюць шмат праблем», бо «на ім завязана практычна ўсё».

- Менавіта гэтай ноччу я не мог паглядзець серыял перад сном. Але балазе ёсць хатняя сетка.

Ён згадаў, што тое самае было з ім тры дні таму — прыкладна а 17.30, калі ён ехаў па Заводскім раёне Менска: «мабільны інтэрнэт не працаваў на працягу 20 хвілін».

Чытач удакладняе, што правяраў на сайце правайдэра - «ніякіх навін аб правядзенні якіх-небудзь работ на гэтым адцінку няма».

Ёсць скаргі і ад іншых карыстальнікаў:

- Вось толькі сёння інтэрнэт проста ўзяў і знік, але праз хвілін 10 пасля званка ў «Белтэлекам» аднавіўся.

А да гэтага ў нядзелю інтэрнэта не было з 0.30 ночы і да 16.00 дня прыкладна (пры гэтым мабільны працаваў спраўна). Раней перыядычна па выходных ноччу і раніцай у нядзелю злучэнне адсутнічала - і так на працягу двух апошніх месяцаў.

Суразмоўца абураецца, што гэта «вельмі замінае» і ягонай працы, і ў вольны час, але не ўдакладняе як. Ён абмяркоўваў праблему з суседзямі, у тых правайдэр А1, і праблем такіх няма.

Яшчэ адзін чытач распавёў, што «ўчора ў Discord не працавалі некаторыя эмадзі, і ў кітайскія гача-гульні складана было зайсці – праз раз з'яўлялася паведамленне: «Памылка размеркавання сервера. Праверце сеткавае падлучэнне, перазапусціце гульню і паспрабуйце зноў».

У суразмоўцы хатні інтэрнэт ад А1.

Журналісты devby.io праверылі сайты правайдэраў: А1 паведамляе аб прафілактычных працах, з-за якіх 28 студзеня па ўсёй краіне, а 29-га - на вуліцы Мазурава - маглі не працаваць сэрвісы фіксаванай сувязі і VOKA. У МТС пазначана, што 28 студзеня «будуць праводзіцца планавыя працы на сетцы вышэйстаячага партнёра. У перыяд правядзення работ магчыма пагаршэнне якасці паслугі Інтэрнэт».

«Белтэлекам» выклаў графік работ у абласцях і Менску - з-за іх, напрыклад, былі магчымыя перабоі з хатнім інтэрнэтам на праспекце Незалежнасці і вуліцы Хмяльніцкага.

А яшчэ адна чытачка расказвае аб праблемах з мабільным інтэрнэтам ад А1 напярэдадні раніцай. Яна прывяла дзіця ў паліклініку - і доўга не магла выклікаць таксі дадому: злучэнне адсутнічала.

- Пара мам у чарзе пад кабінетам лекара скардзіліся, што з-за адсутнасці інтэрнэту на тэлефоне не могуць уключыць дзецям мульцікі, - так што праблема відавочна была не ў мяне адной.

Пазней гэтая ж чытачка з цяжкасцю змагла падключыцца да онлайн-міту з калегамі, сувязь была вельмі дрэннай. Запыт у чат-бот пастаўшчыка паслуг нічога не даў: жанчыне даслалі інструкцыю, як усталяваць аўтаматычныя наладкі на тэлефоне.

Таксама паступаюць скаргі на працу VPN-сэрвісаў. Напрыклад, што да гэтага часу «з суботы не працуе Proton VPN – перыядычна падключаецца да рэдкіх сервераў, але інтэрнэту няма».

Чытач спрабаваў і на ByFly, і на А1 – і нічога. «Працу гэта не зачэплівае», – удакладняе ён.

Іншы чытач кажа, што знайшоў лайфхак: ён мяняе серверв, пакуль не дойдзе да Румыніі – «да яе Proton VPN добра падключаецца». Аднак у папярэдняга спікера гэты лайфхак не працуе:

— Так, перыядычна знаходзяцца такія серверы, але звычайна пры падключэнні да іх альбо ўвогуле знікае інтэрнэт, альбо застаецца працаваць толькі Telegram. А ўчора я змог падключыцца да аўстрыйскага сервера - і быў інтэрнэт, але праз гадзіну падлучэнне перастала працаваць.

Аб збоях у працы VPN-сэрвісаў карыстальнікі паведамляюць з 25 студзеня. Шмат хто ў той дзень не мог падключыцца да VPN-сэрвісаў Proton, NordVPN, TunnelBear і іншых. Некаторыя сэрвісы, напрыклад, Psiphon, заставаліся даступнымі. Сярод сайтаў, пры падключэнні да якіх узніклі праблемы, – Twitch, Steam і Reddit.

Апошнія навіны