Жыхары Паўночнай Карэі знайшлі незвычайны спосаб не ехаць на вайну РФ супраць Украіны
- 31.01.2025, 18:46
На гэта выдаткоўваюць сумы, якія ў 100 разоў перавышаюць сярэдні месячны заробак.
Жыхары Паўночнай Карэі імітуюць сухоты, каб пазбегнуць прымусовага накіравання на фронт у Расеі. Сем'і выдаткоўваюць больш за 100-разовы сярэдні месячны заробак на падробленыя медыцынскія даведкі, каб абараніць мужчын ад адпраўкі ў зону баявых дзеянняў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Newsweek.
На ацэнкі ЗША і Паўднёвай Карэі, рэжым Кім Чэн Ына ўжо накіраваў у Расею да 12 тысяч вайскоўцаў. Яны ўдзельнічаюць у баях у Курскай вобласці, дапамагаючы расейскім войскам у супрацьдзеянні контрнаступленню УСУ.
Адзначаецца, што Паўночная Карэя мае адно з найбуйнейшых войскаў у свеце – 1,3 млн вайскоўцаў і яшчэ 7,6 млн рэзервістаў. Мужчыны абавязаныя праходзіць 10-гадовую службу, а жанчыны - пяцігадовую. Гэта прымушае шматлікіх сваякоў шукаць спосабы вызвалення сваіх блізкіх ад мабілізацыі.
Паводле інфармацыі СМІ, кошт подкупу лекараў для атрымання фальшывай даведкі аб сухотах вырас у пяць разоў у параўнанні з мінулым годам - са 100 да 500 даляраў. Для большасці сем'яў гэта вялізная сума, бо сярэдні месячны заробак дзяржаўнага службоўцы ў Паўночнай Карэі складае ўсяго 1-3 даляры. Аднак многія людзі гатовы плаціць, бо баяцца, што іх родныя могуць загінуць на фронце.
«Існуе ўтоеная асцярога, што калі іх сыны далучацца да войска і будуць адпраўленыя ў Расею, бацькі ніколі больш не ўбачаць іх жывымі», - распавяла жыхарка правінцыі Ранганг.
Са слоў палоннага паўночнакарэйскага жаўнера, які трапіў да ўкраінскіх вайскоўцаў, яму не паведамлялі загадзя, што ён адпраўляецца ў Расею. Многія жыхары Паўночнай Карэі былі здзіўлены такім разгортваннем падзей і не разумелі, супраць каго ім давядзецца ваяваць.
Паведамляецца, што сваякі загінулых атрымліваюць афіцыйныя пасведчанні аб смерці з фармулёўкай «святыя баявыя вучэнні ў гонар Радзімы», без удакладнення рэальных абставін гібелі.