BE RU EN

38 краін АБСЕ асудзілі фіктыўныя «выбары» у Беларусі

  • 31.01.2025, 19:17

Апублікаваная спецыяльная заява.

Дзяржавы-ўдзельніцы нефармальнай Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ падрыхтавалі і прынялі дакумент з ацэнкай апошніх прэзідэнцкіх «выбараў» у Беларусі.

«Выбары» ў Беларусі 26 студзеня гэтага года не былі свабоднымі і не адпавядалі стандартам АБСЕ. Такое сцвярджэнне змяшчаецца ў распаўсюджанай 31 студзеня заяве нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі.

У яе, як вынікае з заявы, цяпер уваходзяць 29 з 57 краін - удзельніц АБСЕ: Бельгія, Балгарыя, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Гішпанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швэцыя і Эстонія.

Да гэтай заявы таксама далучыліся Аўстрыя, Албанія, Андора, Боснія і Герцагавіна, Ліхтэнштэйн, Мальта, Сан-Марына, Паўночная Македонія і Швэйцарыя, якія не ўваходзяць у групу. Такім чынам, заяву падтрымалі 38 з 57 краін АБСЕ.

«Ніякія выбары не могуць уважацца за свабодныя і справядлівыя ці адпаведныя міжнародным стандартам, калі яны праходзяць у абстаноўцы бесперапынных рэпрэсій, якія характарызуюцца сталым ціскам на грамадзянскую супольнасць, адвольнымі затрыманнямі і паўсюднымі парушэннямі правоў чалавека, а таксама абмежаваннямі ўсякага сапраўднага палітычнага ўдзелу і адсутнасцю кандыдатаў ад апазіцыі, якія заслугоўваюць даверу», - мяркуюць 38 краін АБСЕ.

Апошнія навіны