На фронце ва Украіне заўважылі рэдкія гарматы: Эксперт растлумачыў, адкуль яны з'явіліся
- 31.01.2025, 20:16
Прылада была распрацаваная ў перыяд з 1947 да 1950 года.
На ўзбраенні ў расейскага войска ёсць рэдкія гарматы Д-74, вытворчасць якіх была спыненая шмат гадоў таму.
На думку ўкраінскага ваенна-палітычнага аглядальніка Аляксандра Каваленкі, які апублікаваў адпаведныя фатаграфіі ў сваім Telegram-канале, гэта 122-мм прылада, верагодна, паступіла акупантам з Паўночнай Карэі. «Д-74 гэта ўнікальная гармата корпуснай артылерыі, з якой нават не ўсе бывалыя артылерысты сустракаліся за час сваёй кар'еры», – адзначае эксперт.
Паводле ягоных словаў, прылада была распрацаваная ў перыяд з 1947 да 1950 года, а з 1960-га ўжо выводзілася са складу савецкага войска і ішла на экспарт. У выніку спынення вытворчасці і татальнага «распродажу» арсенал Д-74 у СССР быў фактычна вычарпаны.
– У сваю чаргу, на трэці год вайны супраць Украіны, Міністэрства абароны Расеі дастае рэдкі ўзор корпуснай артылерыі – Д-74, які актыўна пачынае пастаўляцца ў склад РАВ з мінулага года. Варта адзначыць, што далёкасць стрэлу ў Д-74 – 20 км, а краіны, у якія пастаўляліся гэтыя гарматы, лакалізавалі іх вытворчасць і апроч саміх сістэмаў, у іх вельмі салідны баявы камплект, – канстатуе аналітык.
Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што на адным з фота відаць: для «працы» гарматы задзейнічаюць паўночнакарэйскія снарады ОФ-472. У кантэксце з гэтым аналітык задаецца пытаннем пра паходжанне Д-74: гэтая прылада з савецкіх запасаў ці прыбыла з КНДР?
На думку аглядальніка, размова пра паўночнакарэйскую версію савецкай гарматы. Адрозненні ў дэталях, якія, на першы погляд, не кідаюцца ў вочы. У іх ліку, як адзначае Каваленка, колы з розным рыфленнем шынаў:
«Да пераліку зброі пастаўлянага Паўночнай Карэяй для Расеі можна смела дадаваць і гарматы Д-74, пра што афіцыйна пакуль ніхто з нашых партнёраў не заяўляў... Што тут скажаш... Чакаем танкаў?»