Аўстрыйскі ўрад часова ўзначаліць кіраўнік МЗС
- 8.01.2025, 15:30
Канцлер ідзе ў адстаўку.
Міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандр Шаленбэрг часова ўзначаліць урад краіны з 10 студзеня.
55-гадовы Шаленбэрг возьме на сябе абавязкі канцлера Карла Нехамера, які абвясціў аб сваёй адстаўцы 5 студзеня Нехамер павінен афіцыйна скласці паўнамоцтвы 10 студзеня.
У заяве офіса прэзідэнта Аляксандра Ван дэр Белена гаворыцца, што прэзідэнт фармальна даручыць Шаленбэргу "працягнуць кіраванне канцлерствам і ўзначаліць часовы ўрад".
Як піша AP, гэта будзе ўжо другі - і, верагодна, зноў кароткі - тэрмін Шаленбэрга на пасадзе лідара Аўстрыі. Ён выконваў абавязкі канцлера менш за два месяцы ў канцы 2021 года пасля адстаўкі Себасцьяна Курца, а затым перадаў пасаду Нехамеру і вярнуўся на пасаду міністра замежных спраў.