У цэнтры Гародні пабудуюць закрыты квартал таўнхаўсаў
- 8.01.2025, 19:38
Дамы будуць у крокавай даступнасці ад галоўных славутасцяў горада.
Будаўніцтва комплексу «Роял Парк» ідзе на вуліцы Камунальнай, недалёка ад стадыёна «Нёман» і Лядовага палаца, піша Hrodna.life. Дамы будуць у крокавай даступнасці ад галоўных славутасцяў Гародні.
Забудоўвае цэнтр Гародні таўнхаўсамі кампанія «АстаБуд». Новыя катэджы з'явяцца на тэрыторыі былога мясакамбіната, які знаходзіўся на вуліцы Камунальнай.
Жылы комплекс будзе складацца з даблхаўсаў, дзе ў адным доме знаходзяцца дзве кватэры плошчай 127 кв.м. кожная. Усяго дамоў будзе 15, адпаведна кватэраў 30.
Самі дамы будуць двухпавярховымі, з панарамнымі вокнамі і цёплымі падлогамі. Плануецца ўстаноўка ўласнай кацельні з сучаснай аўтаматыкай. Здаваць дамы ў эксплуатацыю будуць з чыставым аздабленнем і магчымасцю свабоднай планіроўкі.
У кожнай кватэры ў даблхаусе будзе асобны ўваход і ўласны надзел 2 соткі. Таксама для жыхароў прадугледжаныя два парковачныя месцы.
Тэрыторыя комплексу будзе закрытай – на ўваходзе ўсталююць шлагбаўм, а пад'езды да ўсіх дамоў заасфальтуюць.
Кватэры ў даблхаўсах ужо даступныя для бранявання. Кошт квадрата складае $1250. Старт продажу запланаваны на студзень 2025 года.
Кампанія «АстаБуд» узводзіць яшчэ некалькі аб'ектаў у Гародні. Так паміж Грандзічамі і Забалоццем фактычна закончанае будаўніцтва кварталаў з таўнхаўсамі, а ў Пышках узводзіцца апарт-гатэль.