Калас: Еўропа гатовая заняць месца ЗША ў падтрымцы Украіны
- 9.01.2025, 19:33
ЕЗ прадоўжыць працу падтрымкі Украіны ў фармаце «Рамштайн».
Еўрапейскія краіны гатовыя заняць месца ЗША ў плане падтрымкі Украіны, якая абараняецца ад расейскай агрэсіі, у выпадку, калі Вашынгтон пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа будзе менш актыўным у гэтай сферы. Такую заяву зрабіла вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас у чацвер, 9 студзеня, адказваючы на пытанне карэспандэнта DW у кулуарах сустрэчы Кантактнай групы датычна Украіне ў нямецкім Рамштайне.
«Рамштайн» быў цудоўным фарматам для падтрымкі Украіны, і Амерыка – частка гэтага фармату. Так што, я думаю, проста цяпер у нас няма прыкметаў таго, што гэты фармат не будзе прадоўжаны, – заявіла яна на ангельскай мове. – Калі не, то мы будзем весці абмеркаванні пазней. Думаю, еўрапейскія краіны хочуць заняць гэтае месца ў такім выпадку, і мы прадоўжым гэты фармат для падтрымкі Украіны».
У адказ на ўдакладняльнае пытанне, наколькі аптымістычна яна настроеная ў гэтай сувязі, Калас паўтарыла: «З боку еўрапейскіх краінаў дакладна ёсць воля прадоўжыць гэта (працу падтрымкі Украіны ў фармаце «Рамштайн». – Рэд.). Так што я спадзяюся, што мы ўбачым, якую пастанову яны знойдуць».
У той самы дзень, выступаючы перад журналістамі, Калас падкрэсліла, што на гэтай стадыі не трэба спекуляваць на тэму будучай падтрымкі Украіны з боку ЗША. «У ЗША ёсць важныя інтарэсы ў Еўропе», пры гэтым «не ў інтарэсах ЗША, каб Расея стала самай магутнай сілай у свеце», растлумачыла яна. «Так што я ўпэўненая, што калі новае кіраўніцтва (ЗША. – Рэд.) пачне працу, яны змогуць убачыць поўную карціну», – дадала Калас.
25-я сустрэча хаўруснікаў Украіны ў фармаце «Рамштайн» праходзіць на фоне набліжэння змены ўраду ЗША, якая адбудзецца 20 студзеня. Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў той факт, што ЗША выдаткоўваюць на ваенную дапамогу Украіне больш, чым Еўропа, і заяўляў, што зможа скончыць вайну ва Украіне ў кароткія тэрміны. Гэта выклікае асцярогі ў Кіева і ягоных хаўруснікаў, што Трамп можа прымусіць Украіну пайсці на сур'ёзныя саступкі Маскве, адзначае агенцтва AFP.
Выданне Politico піша, што сыход Лойда Осціна з пасады міністра абароны ЗША можа прывесці да распаду кааліцыі хаўруснікаў Украіны ў рамках фармату «Рамштайн», што, у сваю чаргу, стане «ўдарам» для Кіева.