FT: Каманда Трампа пераглядае падыход да Украіны
- 9.01.2025, 21:24
Партнёры ўспрымаюць гэта як прыкмету падтрымкі Кіева.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адклаў сваё перадвыбарнае абяцанне скончыць вайну Расеі супраць Украіны «за 24 гадзіны» і цяпер дае на гэта некалькі месяцаў, што партнёры ўспрымаюць як прыкмету падтрымкі Кіева.
Пра гэта паведамляе Financial Times у чацвер, 9 студзеня.
Два еўрапейскія чыноўнікі расказалі журналістам, што, мяркуючы з перамоваў з камандай Трампа ў апошнія тыдні, там яшчэ не пастанавілі, як скончыць вайну, і што падтрымка Украіны прадоўжыцца пасля інаўгурацыі прэзідэнта 20 студзеня.
«Уся каманда [Трампа] апантаная жаданнем выглядаць моцнымі, таму яны пераглядаюць падыход да Украіны», – сказаў адзін з суразмоўцаў FT.
Паводле словаў чыноўніка, новая адміністрацыя таксама баіцца параўнання з вывадам войскаў ЗША з Афганістана пры Джо Байдэну, што павярнулася катастрофай і што каманда Трампа не хоча паўтараць.
Як піша FT, раней Дональд Трамп выказаў меркаванне, што больш рэалістычны тэрмін для заканчэння вайны – паўгода. Будучы спецпрадстаўнік Трампа ў пытаннях Украіны Кіт Келаг таксама сказаў, што хацеў бы паставіць адзнаку 100 дзён для пошуку ідэі, якая дазволіць скончыць вайну.
У матэрыяле сказана, што еўрапейскія лідары і афіцыйныя асобы даказваюць Трампу і ягонай камандзе, што прадаўжаць падтрымку Украіны неабходна, каб умацаваць украінскія пазіцыі на будучых перамовах і пасадзіць Расею за стол перамоваў.
Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелані, якая на мінулым тыдні бачылася з Трампам на ягоным флорыдскім курорце Мар-а-Лага, выключыла магчымасць таго, што ЗША адмовяцца ад падтрымкі Украіны пасля інаўгурацыі 47-га прэзідэнта.