У каліфарнійскім пажары згарэлі 10 алімпійскіх узнагародаў легенды плавання
- 9.01.2025, 21:38
Ён паспеў вынесці толькі сабаку і карціну дзядулі.
Гэры Хол-малодшы страціў свой дом і бізнэс праз пажары, якія прадаўжаюць шалець у раёне Лос-Анджэлеса. Цяпер сябры ў інтэрнэце збіраюць спартоўцу грошы на адзенне і неабходныя рэчы.
Гэры быў дома, калі ўбачыў у акно страшнае полымя, якое хутка набліжалася. «Ён паспеў схапіць сабаку, дзядулеву карціну, а таксама рэлігійны абярэг, які яму падаравала дачка і хутка памчаў у бок акіяна», – піша Swimming World.
За лічаныя хвіліны дом зоркі сусветнага плавання ператварыўся ў попел, а разам з ім і басейн, дзе Хол вучыў дзяцей плаваць у сваёй школе.
На платформе GoFundMe сябры стварылі для Хола старонку, каб сабраць яму грошы на неабходныя патрэбы. Менш чым за дзень Холу заданацілі ўжо 20 тысячаў даляраў.
Гэры Холу-малодшаму 50 гадоў. Ён атрымаў два золаты на Алімпіядзе-1996 у Атланце (эстафеты 4 на 100 м вольным стылем і камбінаваная), дзве найвышэйшыя ўзнагароды ў Сіднэі-2000 (камбінаваная эстафета 4 на 100 м і 50 м в/с), а таксама заваяваў у Афінах-2004 (50 м в/с). Таксама Хол-малодшы з'яўляецца трохразовым чэмпіёнам свету.
Ягоны бацька – Гэры Хол-старэйшы – быў трохразовым медалістам Алімпійскіх гульняў у плаванні (срэбра ў Мехіка-1968 і Мюнхене-1972, бронза – у Манрэалі). А дзед Чарльз Кітынг-малодшы – перамог на рэгіянальных спаборніцтвах у плаванні ў ЗША. Потым стаў банкірам, фінансістам і сядзеў у турме за махлярства.
Стрыечны брат Хола – старшы старшына Чарльз Кітынг IV, марскі коцік, які загінуў у 31 год падчас бою з ІДІЛ у Іраку ў 2016 годзе.