Арэнда кватэраў у Менску вырасла на 15%
- 1.02.2025, 12:59
Што будзе з коштамі ў 2025 годзе?
Кошты арэнды кватэраў у Менску ў 2024 годзе выраслі на 10–15%, а ў асобных сегментах – да 20%, паведамляюць эксперты агенцтва «Твая сталіца». Сярод прычынаў росту попыту яны называюць цікавасць з боку замежнікаў: у Беларусь прыязджаюць на працу спецыялісты з Расеі, Украіны, Таджыкістана, Кітая і Ізраіля, паведамляе «Еўрарадыё».
Паводле звестак экспертаў агенцтва, зімовы сезон 2024/25 не прынёс традыцыйнага спаду актыўнасці.
Змяняецца паняцце «элітнага» жылля: замест кватэраў з ляпнінай і вензелямі цяпер арандатара больш цікавяць сучасныя нізкапавярховыя ЖК з закрытай тэрыторыяй, а таксама клубныя дамы.
Арэнда аднапакаёвай кватэры ў Менску
Пентхаусы ў гмахах, як у «Менск-Свеце», сталі страчваць прывабнасць праз заторы і нястачу парковак.
Попыт на кватэры са старым рамонтам падае, іх выцясняюць новабудоўлі. Уласнікі такіх аб'ектаў часта згаджаюцца на рамонт за кошт арандатараў.
Арэнда двухпакаёвай кватэры ў Менску
Сем'яў з дзецьмі сярод арандатараў стала менш – многія аддаюць перавагу браць іпатэку замест арэнды, адзначаюцца эксперты.
Студэнты, насуперак стэрэатыпам, гатовыя плаціць $500–700 за жыллё, асабліва магістранты і замежнікі.
Арэнда трохпакаёвай кватэры ў Менску
Эксперты ў 2025 годзе не чакаюць рэзкага росту коштаў, але і зніжэння не прадбачаць. Узімку кошт можа стабілізавацца, а да лета – вырасці на 5–10%.